Пуцін — Лукашэнку: «Вельмі рады вас бачыць. Нам ёсць пра што пагаварыць»
05.02.2016 / 18:53
Беларусь і Расія маюць намер прадоўжыць умацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках. Такая дамоўленасць дасягнута ў час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 5 лютага ў Сочы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Асноўная ўвага ў час перамоў была нададзеная маючым адбыцца ў лютым важным для беларуска-расійскага ўзаемадзеяння падзеям. У прыватнасці, лідары дзвюх дзяржаў падрабязна разгледзелі парадак дня намечанага на люты пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што папярэдне гэту тэму ён абмеркаваў у Сочы з кіраўніком расійскага ўрада.
«У нас была магчымасць сустрэцца з прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым па вашым даручэнні. Мы падрабязна гаварылі аб пасяджэнні ВДС, а таксама аб пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Магілёве», — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў важнасць перагавораў з беларускім лідарам напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. «Вельмі рады вас бачыць, — сказаў расійскі кіраўнік. — Нам ёсць пра што пагаварыць».
Прэзідэнт Расіі прапанаваў паразмаўляць «наконт бягучых двухбаковых спраў і аб рэгіянальных пытаннях, а таксама аб сумесных намаганнях па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў».
З улікам маючых адбыцца беларуска-расійскіх мерапрыемстваў кіраўнікі Беларусі і Расіі ўзгаднілі пазіцыі па шэрагу пытанняў. Лідары дзвюх краін пагадзіліся з тым, што неабходна аб'ядноўваць намаганні ва ўмовах сучасных выклікаў.
Акрамя таго, на перагаворах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін закранулі пытанні міжнароднага парадку дня, тэму міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.