Сьцісла

29.04.2006 / 01:13

Справа «Партнэрства» зацягваецца

Актывістам арганізацыі незалежных назіральнікаў «Партнэрства» Міколу Астрэйку, Цімафею Дранчуку, Эніры Браніцкай, Аляксандру Шалайку і Дзянісу Нібійку 21 красавіка працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на 2 месяцы. Адвакатка М.Астрэйкі Валянціна Шаханцова 24 красавіка абскардзіла гэтае рашэньне.

Справа на Сівец і Сямёнава

21 красавіка гомельская абласная ўправа КДБ перадала ў пракуратуру матэрыялы праверкі арганізацыі «Моладзевы цэнтар «Гарт» і ўдзелу ў яе дзейнасьці Юліі Сівец і Сержука Сямёнава.

Яшчэ адзін «паклёпнік на прэзыдэнта»

Крымінальная справа за абразу Лукашэнкі заведзеная на аршанца Мікалая Разумава. Яго вінавацяць, што 24 лютага на сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі Разумаў публічна зьвінаваціў Лукашэнку ў датычнасьці да забойстваў палітычных апанэнтаў — Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. У Менску над Разумавым правялі псыхіятрычную экспэртызу.

Папярэджаньні ад пракуратуры

Намесьніца старшыні АГП Людміла Гразнова атрымала 12 красавіка афіцыйнае папярэджаньне ад пракуратуры з нагоды свайго інтэрвію сайту «Хартыя’97». 17 красавіка такое самае папярэджаньне за падобнае інтэрвію атрымаў Алесь Бяляцкі.

Шымаў прымушае студэнтаў каяцца

З ініцыятывы адміністрацыі БДЭУ (рэктар Уладзімер Шымаў) ва ўнівэрсытэце ладзяцца сходы, на якіх мусяць «каяцца» студэнты, затрыманыя падчас абароны намётавага мястэчка. Агулам былі затрыманыя 7 студэнтаў БДЭУ. 18 красавіка адбыўся сход у «справе» Вольгі Сныткінай, 19 красавіка — Тацяны Дзядок і Марыны Вашкевіч.

У Сьветлагорску

Тэльмана Масьлюкова 12 красавіка пакаралі штрафам у 3 б.в. Суд прызнаў яго вінаватым у парушэньні выбарчага заканадаўства: падчас выбарчай кампаніі Масьлюкоў паставіў агітацыйны пляншэт з партрэтам кандыдата на прэзыдэнта А.Мілінкевіча. 20 красавіка Масьлюкову вярнулі капіявальную тэхніку, забраную 4 месяцы таму — 2 сьнежня 2005 г.: тады ў актывіста правялі ператрус па падозраньні ў «захоўваньні зброі і наркотыкаў».

З працы на раённым вузьле электрасувязі звольнілі 20-гадовага вучня электрамантэра Андрэя Музычэнку, абаронцу намётавага мястэчка, асуджанага на 15 сутак. Перад менскімі падзеямі ён папрасіў 15-дзённы адпачынак без захаваньня заробку й напісаў адпаведную заяву. Аднак начальнік ня даў хады заяве. Актывіст вымушаны быў напісаць заяву на звальненьне, ён кажа, што зь ягоным кіраўніцтвам правялі гутарку супрацоўнікі КДБ.

Справа маладафронтаўцаў

Супрацоўнікі КДБ у Баранавічах правялі 13 красавіка ператрусы ў моладзевых актывістаў Сержука Марчыка, Андрэя Юруця і Віктара Кісьлюка ў рамках распачатай крымінальнай справы. Маладафронтаўца С.Марчыка вінавацяць у «дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі», двое ягоных сяброў праходзяць у справе ў якасьці сьведкаў. «У мяне ператрус праводзілі 4 КДБісты, у хлопцаў — па двое. Аднак ім сказалі, што яны ў сьведках праходзяць толькі пакуль што. А пазьней усё можа зьмяніцца», — кажа Марчык.

У Магілёве

11 красавіка адміністрацыйная камісія Магілева аштрафавала моладзевага актывіста Сержука Нягаціна на 5 б.в. за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Актывіст абскарджвае рашэньне ў абласной пракуратуры.

У Магілеве 22 красавіка міліцыяны затрымалі актывіста БНФ, абаронцу намётавага мястэчка Зьмітра Салаўёва: яго спынілі, калі ішоў з дому ў краму, абвінавацілі ў тым, што «лаяўся і размахваў рукамі». 24 красавіка судзьдзя Ленінскага раёну Андрэй Юрчанка асудзіў Салаўёва на 10 сутак арышту. Актывіст на знак пратэсту абвесьціў у судзе сухую галадоўку.

У Лунінцы

13 красавіка Лунінецкі райсуд закрыў адміністрацыйную справу Віталя Каратыша, кіраўніка раённага штабу А.Мілінкевіча: яго вінавацілі ў хуліганстве і закліку да беспарадкаў 18 сакавіка.

У Віцебску

14 красавіка пачаўся суд над Хрыстафорам Жаляпавым: кіраўніка віцебскага абласнога штабу Мілінкевіча вінавацяць у незаконнай устаноўцы агітацыйнага стэнду ў цэнтры гораду аж 28 лютага. Працэс адклалі, бо суд аддаў адміністрацыйны пратакол на пераафармленьне.

Віцебскі абласны суд 18 красавіка спыніў дзейнасьць ГА «Прыватныя ініцыятывы» за адсутнасьць юрадрасу: улетку 2005 г. у арганізацыі скончылася дамова на арэнду памяшканьня, і ЖРЭТ Першамайскага раёну Віцебску адмовіўся працягваць яе.

Правакацыі КДБ

Моладзеваму актывісту Аляксею Шыдлоўскаму 16 красавіка затэлефанаваў прадстаў- нік КДБ, які назваўся Раманам (тэл.756-36-72), і прапанаваў, каб ён намовіў актывіста Паўла Бараноўскага даць паказаньні на каардынатара «Партнэрства» Цімоха Дранчука.

17 красавіка прадстаўніцу Клюбу дзелавых жанчын Пінску Алену Ліцьвінку выклікалі ў мясцовы КДБ: «органы» цікавіліся бізнэс-трэнінгам, які 24—27 студзеня ладзіла ў Менску Міжнародная арганізацыя па міграцыі.

Студэнтаў БНТУ, затрыманых падчас абароны намётавага мястэчка, 21 красавіка па адным выклікалі да рэктара гэтай ВНУ, дзе зь імі «гутарыў» старшы ўпаўнаважаны КДБ Дзьмітры Сьвістун. Размовы вяліся з другакурсьнікам Андрэем Шумаровым, трэцякурсьнікам Міхаілам Літвінавым.

Забарона на пікеты

Бабруйскі гарвыканкам адмовіў былому выбарчаму штабу Аляксандра Казуліна на пікет у ягоную падтрымку на 16 красавіка. У Берасьці не дазволілі правесьці з 19 красавіка і да канца месяца 9 аналягічных пікетаў, арганізаваных БСДП(Г). На менскі пікет у падтрымку А.Казуліна 17 красавіка напалі 15 брытагаловых хлопцаў 18—20 гадоў, якія зламалі пляншэт. Міліцыянтаў паблізу не было.

Польскія справы

17 красавіка пракуратура прыпыніла справу супраць актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Веслава Кеўляка, Юзафа Пажэцкага, Андрэя Пачобута і Анджэя Пісальніка, якіх вінавацяць у запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана. Справа, распачатая летась у жніўні, на пачатку 2006 г. была прыпыненая, перад прэзыдэнцкімі выбарамі яе аднавілі, каб цяпер зноў прыпыніць.

18 красавіка журналістцы Інэсе Тодрык з газэты «Głos znad Niemna na uchodzstwie» міліцыянты ўручылі пратакол пра ўчыненае ёй правапарушэньне — «незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў». Яе затрымалі 24 сакавіка разам з актывістам непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анджэем Лісоўскім, калі яна сустракала пасьля 10-суткавага арышту свайго калегу Андрэя Пачобута. У аўтамабілі міліцыянты знайшлі 400 асобнікаў газэты «Głos znad Niemna na uchodzstwie» і 80 асобнікаў часопісу «Magazyn Polski na uchodztwie».

Штраф за палітыку

Віктара Мезяка ў Баранавічах 5 красавіка асудзілі на 150 базавых велічыняў штрафу. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыяванага сходу 16 лютага на прыватнай кватэры: тады сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча праводзілі свой сход.

Ловы Сіўчыка

17 красавіка міліцыянты, спэцназаўцы і невядомыя ў чорных куртках зьявіліся ў пад’езьдзе дому, дзе жыве маці Вячаслава Сіўчыка. У кватэру Галіны Сіўчык наведаўся ўчастковы, які паказаў ёй фота сына і заявіў, што гэта небясьпечны злачынца, якога шукае міліцыя.

За «Достал!»

Падчас расклейкі налепак «Достал!» 18 красавіка затрымалі моладзевых актывістак Натальлю Вушко і Алену Копач. У пункце аховы правапарадку мэтрапалітэну на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня. 20 красавіка іх затрымалі каля корпусу БНТУ, дзе дзяўчаты расклейвалі рэзалюцыю Эўразьвязу датычна Ўладзімера Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнкі, Віктара Шэймана і Юр’я Сівакова.

Дробны штраф Лябедзьку

19 красавіка адміністрацыйная камісія Цэнтральнага раёну асудзіла лідэра АГП Анатоля Лябедзьку ў ягоную адсутнасьць на 5 б.в. (за «распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак») і пастанавіла сканфіскаваць перадвыбарчыя ўлёткі А.Мілінкевіча і наклад газэты «Глоток воздуха», хаця позву на паседжаньне палітык атрымаў толькі 20 красавіка. Затрыманьне Лябедзькі адбылося яшчэ 15 сакавіка.

Суд у Астраўцы

18 красавіка ў Астраўцы пачаўся судовы працэс над Іванам Крукам: актывіста вінавацяць у супраціве работнікам міліцыі.

У Гомелі

Андрэя Аксёнава, актывіста штабу А.Мілінкевіча, афіцыйна папярэдзілі 15 красавіка на паседжаньні адміністрацыйнай камісіі — за «незаконны распаўсюд агітацыйных матэрыялаў»: у яго быў 1 нумар газэты «Товарищ» і 1 інфармацыйны лісток. Актывіста папярэдзілі: калі надумае абскарджваць прысуд — атрымае 10 сутак.

У Берасьці

20 красавіка міліцыянты правялі несанкцыяваны ператрус на кватэры, якую здымае праваабаронца Ўладзімер Малей, актывіст Партыі БНФ. Яны спаслаліся на скаргі суседзяў, што ў гэтую кватэру часта ходзяць госьці й перашкаджаюць жыхарам. Міліцыянты канфіскавалі друкаваную прадукцыю, не складаючы пратаколу. Потым Малея завезьлі ў пастарунак, дзе склалі на яго пратакол за «распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак».

Ціск на «Газету Слонімскую»

24 красавіка слонімскі прадпрымальнік Віктар Кастусік адмовіўся ад далейшай рэалізацыі недзяржаўнай «Газеты Слонімскай». Чыноўнікі прыгразілі, што ён можа страціць бізнэс, калі будзе надалей распаўсюджваць «ГС». Апроч таго, як цьвердзіць галоўны рэдактар выданьня Віктар Валадашчук, загадчык аддзелу гандлю й бытавых паслуг мясцовага райвыканкаму Ігар Трафімовіч пагражае ліквідацыяй бізнэсу іншым прадпрымальнікам, якія распаўсюджваюць газэту. Пагрозаў пакуль што не збаяліся шасьцёра.

У Рэчыцы

У Рэчыцы ў гэты ж дзень дэпутатка райсавету Ваўчкова спрабавала забараніць гомельскай актывістцы Марыі Багдановіч прадаваць незалежныя выданьні «Народная воля», «Товарищ» і інш.

Загад не пакідаць

Загад не пакідаць тэрыторыі спэцкамэндатуры на 25—26 красавіка атрымалі палітвязьні Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч і Павал Севярынец. Прычынаў забароны ім не патлумачылі. Але ўсе здагадваюцца: улады баяцца іхнага ўдзелу ў Чарнобыльскім шляху.

Фота

Мікалай Аўтуховіч ізноў у гарадзенскай турме. Суд зьмяніў яму меру стрыманьня з хатняга арышту на знаходжаньне пад вартай. Працэс над ім працягнецца 27 красавіка.

Фота

Месяц разгону намётавага гарадка — флэшмоб «Дакраніся да Свабоды» на Кастрычніцкай плошчы. 24 красавіка некалькі дзясяткаў чалавек селі на плошчы, кранаючыся рукамі брукоўкі.

25 красавіка на Кастрычніцкай зноў зьявіўся намёт з надпісам «Нас не спыніць». За некалькі хвілінаў двое «ціхароў» сьпехам яго ліквідавалі.

АШ