Турцыя абвергнула адпраўку сваіх вайскоўцаў у Сірыю

15.02.2016 / 09:56

Кіраўнік Мінабароны Турцыі Ісмет Йылмаз абверг звесткі пра ўвод турэцкіх вайскоўцаў на тэрыторыю Сірыі. Раней у Дамаску паведамілі пра пранікненне праз мяжу Турцыі калоны з 12 пікапаў і 100 узброеных байцоў

Турцыя не накіроўвала сваіх вайскоўцаў на тэрыторыю Сірыі. Пра гэта заявіў міністр абароны краіны Ісмет Йылмаз, перадае турэцкае агенцтва «Анадолу».

Па словах Йылмаза, звесткі пра ўварванне турэцкіх вайскоўцаў у Сірыю не адпавядаюць рэчаіснасці.

«У нас няма думак пра тое, каб турэцкія салдаты ўвайшлі ў Сірыю», - сказаў кіраўнік Мінабароны.

Напярэдадні ў сірыйскім МЗС паведамілі, што з боку Турцыі ў Сірыю ўвайшла калона машын, аснашчаных кулямётамі. У яе складзе былі каля 100 узброеных байцоў. У Дамаску мяркуюць, што ў іх лік уваходзяць салдаты турэцкай арміі і наёмнікі.