ЕС адмяняе большасць санкцый у дачыненні да лукашэнкаўцаў. За гэта выступілі Польшча, Літва

Краіны ЕС вырашылі не працягваць большасць санкцый у дачыненні да Беларусі па стратэгічных прычынах, нягледзячы на праблемы з правамі чалавека ў краіне, піша брусэльскае выданне Euobserver.

15.02.2016 / 10:48

Фота Васіля Фядосенкі, Reuters

Як вядома, 15 лютага на пасяджэнні ў Бруселі міністры замежных спраў краін ЕС абмяркуюць будучыню абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі і ўхваляць афіцыйнае рашэнне па гэтым пытанні, якое, як чакаецца, будзе абвешчана ў другой палове дня.

У канцы мінулага тыдня прэс-служба Рада Еўрасаюза паведаміла, што ў выніковым рашэнні па Беларусі Рада ЕС «адзначыць магчымасць для развіцця адносін у больш пазітыўным ключы», а таксама тое, што «прагрэс у розных галінах можа быць дасягнуты шляхам пашырэння канала камунікацый».

Пры гэтым прэс-служба адзначыла, што «ў дакуменце рада выкажа сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі», а таксама «з улікам маючых адбыцца парламенцкіх выбараў закліча беларускія ўлады без прамаруджання выканаць рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2015 года».

Нагадаем, у кастрычніку 2015 года Рада ЕС прыняла рашэнне працягнуць і адначасова замарозіць санкцыі ў дачыненні да 171 фізічнай і 10 юрыдычных асобаў Беларусі. Тэрмін дзеяння гэтага рашэння мінае 29 лютага.

Санкцыі былі прыпыненыя у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі. У спісе прадпрыемстваў значацца «Белтэхэкспарт», «Белтэх Холдынг», «Спецпрыборсервіс», «Трайпл», «Ракаўскі бровар», футбольны клуб «Дынама», «Прастор-Трэйд», «Акватрайпл», «Кварцмелпрам», Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў.

Пакуль пад дзеяннем санкцый застаюцца чатыры чалавекі, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах. Гэта Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).

У апошнія тыдні члены ЕС ўвялі актыўныя дыскусіі пра далейшы лёс санкцый у дачыненні да Беларусі. Вядома, што шэраг краін, у тым ліку Аўстрыя, Літва, Польшча, выступілі за іх адмену.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 12 лютага паведаміў, што міністры замежных спраў краін ЕС на сустрэчы ў панядзелак, хутчэй за ўсё, вырашаць не працягваць санкцыі ў дачыненні да лукашэнкаўцаў, паколькі супраць іх падаўжэння выступае некалькі краін ЕС. «З таго, што я зараз чую, па пазіцыі краін бачу, што яны не будуць падоўжаныя. У гэтым выпадку трэба згода ўсіх краін ЕС, толькі так былі б падоўжаныя санкцыі. Калі супраць выступае хаця б адна краіна, санкцыі не працягнуць».

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова падкрэслівалі, што разлічваюць на поўную адмену санкцый.