Дзеці са школы ў Рацічах аднавілі заняткі — у суседнім Сапоцкіне
Да ўрокаў прыступілі амаль усе вучні школы. Навучальны працэс арганізаваны на базе Сапоцкінскі школы, якая знаходзіцца за сем кіламетраў ад аграгарадка Рацічы.
15.02.2016 / 11:41
— Памяшканні суседняй школы дазваляюць змясціць усіх дзяцей школы ў Рацічы і пачаць заняткі, — распавяла TUT.BY начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Аксаміт. — Педагогі Раціцкай школы выехалі ў Сапоцкін на працу. Арганізаваны падвоз дзяцей, бясплатнае харчаванне, а таксама аднавіла працу наша група падоўжанага дня. І настаўнікі, і бацькі, і самі вучні паставіліся з разуменнем да сітуацыі, якая склалася.
Будынак школы ў Рацічы пакуль пустуе. Настаўнікі і школьнікі ў любы момант гатовыя вярнуцца ў родныя пенаты. Аднак на тое, каб зняць каранцін, трэба рашэнне санстанцыі.
Як распавялі ў Гродзенскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дакладны тэрмін адкрыцця школы пакуль невядомы, бо яшчэ праходзяць неабходныя даследаванні і экспертызы.
Нагадаем, 11 лютага былі шпіталізаваны 42 вучня Раціцкай сярэдняй школы, папярэдні дыягназ гучыць як «атручэнне няяснай этыялогіі».
Заведзена крымінальная справа па факце службовай халатнасці. Ход расследавання узяты старшынёй Следчага камітэта пад асабісты кантроль.