Пры выбуху ў Анкары загінула не менш за 28 чалавек

18.02.2016 / 08:06

У выніку магутнага выбуху ў Анкары загінулі прынамсі 28 чалавек. Яшчэ 61 атрымалі раненні, паведамляюць прадстаўнікі ўрада Турцыі.

Начынены выбухоўкай аўтамабіль выбухнуў, калі міма праязджалі аўтобусы з вайскоўцамі, заяўляе канцылярыя губернатара Анкары.

Выбух адбыўся непадалёк ад будынкаў парламента і генштаба. Намеснік прэм'ер-міністра Турцыі Бекір Баздаг назваў гэты выбух тэрактам.

Відавочцы паведамляюць, што выбух быў чутны амаль па ўсім горадзе. Некаторыя з загінулых былі грамадзянскімі асобамі.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган адклаў свой візіт у Азербайджан. Прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутаглу адмяніў сваю паездку ў Брусэль, дзе ён павінен быў абмяркоўваць пытанне міграцыі ў Еўропу.

Пакуль не ясна, хто стаіць за апошнім выбухам. Службы бяспекі вінавацяць як экстрэмістаў «Ісламскай дзяржавы», так і Рабочую партыю Курдыстана.