Алесь Міхалевіч мае намер узяць удзел у парламенцкіх выбарах

Палітык будзе балатавацца ва Уруччы.

18.02.2016 / 12:08

Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь у верасні 2015 г., фота Сяргея Гудзіліна

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч мае намер узяць удзел у парламенцкіх выбарах, паведаміў палітык БелаПАН. Міхалевіч плануе балатавацца ў Палату прадстаўнікоў ад Партыі БНФ па мінскім мікрараёне Уручча.

«Усе людзі маюць правы, і кожны рэалізуе іх як хоча. Я асабіста хачу ведаць, што думаюць людзі з нагоды ўсяго, што адбываецца ў краіне, бо за пяць гадоў многае тут змянілася, — сказаў ён.

— Следства па маёй справе працягнутае, і калі мяне прызнаюць вінаватым і накіруюць справу ў суд, вядома, гэта перашкодзіць маім планам. Аднак у нас усё яшчэ ёсць прэзумпцыя невінаватасці. Таму зараз я збіраю каманду і рыхтуюся да кампаніі».

Нагадаем, расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Міхалевіча зноў працягнутае. Палітык да гэтага часу знаходзіцца пад следствам па «справе аб масавых беспарадках» 19 снежня 2010 года. Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага 2011 года яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА.

У сакавіку таго ж года Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта пагрозай «рэальнай фізічнай расправы», і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У ліпені 2012 года ён атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне, што выключаны з цэнтральнай базы даных Інтэрпола як грамадзянін, які знаходзіцца ў вышуку.

8 верасня 2015 года ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі на літоўска-беларускай мяжы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе. Тады палітык падаў ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ужо закрытая, аднак атрымаў адмову.