Валэнса абвергнуў заявы пра сваё супрацоўніцтва са спецслужбамі ПНР

18.02.2016 / 14:58

radiopolsha.pl

Лідар руху «Салідарнасць» і пазней прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса 18 лютага абвергнуў наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць яго супрацоўніцтва са спецслужбамі камуністычнай Польшчы.

«Не існуе ніякіх дакументаў з маім подпісам. Калі б былі, то не было б неабходнасці іх падрабляць. У судзе я гэта дакажу», — напісаў у сваім мікраблогу Лех Валэнса.

Як паведаміў сёння кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці Лукаш Камінскі, сярод дакументаў, знойдзеных у доме Марыі Кішчак [удавы генерала Чэслава Кішчака, кіраўніка МУС часоў ПНР, які памёр у лістападзе 2015 г.], знаходзіцца тэчка з дакументамі, якія тычацца працы сакрэтнага супрацоўніка, псеўданім «Болек», і абавязацельства аб супрацоўніцтве, падпісанае Лехам Валэнсам.

Кіраўнік ІНП таксама дадаў, што на думку эксперта-архівіста, дакументы — сапраўдныя. Нагадаем, што шэраг гісторыкаў запэўніваюць, што лідар руху «Салідарнасць» і пазней прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса ў часы ПНР супрацоўнічаў са службамі бяспекі.