Ва Украіне прапануюць забараніць назву «Расія» і вярнуць «Масковію»
18.02.2016 / 20:05
Нардэпы ад Радыкальнай партыі Украіны Андрэй Лазавы і Аксана Карчынская падалі ў Вярхоўную Раду праект закона №2276а, якім прапануюць забараніць усім дзяржаўным органам ужываць назву цяперашняй Расійскай Федэрацыі «Расія», наўзамен патрабуючы вярнуць гістарычнае — «Масковія».
У тлумачальнай запісцы да законапраекта гаворыцца, што назва «Русь» і вытворная ад яе «Расія» з'яўляецца агульнапрызнанай назвай цяперашняй Украіны.
Паводле яе, тэрыторыя цяперашняй Расійскай Федэрацыі ніколі, да новага часу, не называліся замежнымі крыніцамі і мясцовымі жыхарамі ні «Руссю», ні «Расіяй». У заходніх крыніцах да XVIII стагоддзя, уключна, Украіна выступала пад назвай «Русь», а народ, уключаючы і казакоў, называўся «русамі» ці «рутэнцамі».
Паняцце «Русь» ёсць гістарычна успадкаванай з'явай як назва тэрыторыі і людзей Кіеўскага княства, Пераяслаўскага княства і большай часткі Чарнігаўскага княства. Шматлікія дакладныя гістарычныя крыніцы сведчаць аб тым, што назва «Русь» і/або «Расія» можа быць прыменена толькі да тэрыторый сучаснай Украіны, але ніяк не быць афіцыйнай назвай дзяржавы-агрэсара.
«З мэтай выканання патрабаванняў гэтага Закона ўсім органам дзяржаўнай улады, органам мясцовага самакіравання, прадпрыемствам, установам і арганізацыям, у тым ліку, прадстаўніцтвам замежных суб'ектаў гаспадарчай дзейнасці, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны, рэкамендаваць выкарыстоўваць замест слова «Расія», якое выкарыстоўваецца ў якасці назвы або сіноніма Расійскай Федэрацыі, і/або для абазначэння сучаснай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі або любой яе часткі, гістарычную назву тэрыторыі сучаснай Расійскай Федэрацыі — «Масковія», — гаворыцца ў законапраекце.