«Зьніклая імпэрыя»

"Кур'ер" эпохі 70-ых

Каханьне губляецца, імпэрыя зьнікае, трагікамэдыя глухне

15.04.2008 / 16:46

Зьніклая імпэрыя (Исчезнувшая империя)
Расея, 2008, каляровы, 105 хв.
Рэжысэр: Карэн Шахназараў
Ролі выконваюць: Аляксандар Ляпін, Лідзія Мілюзіна, Іван Купрэенка, Ягор Бараноўскі, Армэн Джыгарханян, Уладзімер Ільін, Вольга Тумайкіна
Жанр: гістарычная мэлядрама, трагікамэдыя
Адзнака: 5 (з 10)

1973 год. Пачатак застою савецкай імпэрыі. Абібок Сяргей (Аляксандар Ляпін) вучыцца на першым курсе, але збольшага гуляе на п’янках зь сябрамі Сьцёпам і Косьцем. Людміла (Лідзія Мілюзіна) – аднакурсьніца Сяргея, у якую герой закаханы. Але пачуцьцям лёгка згубіцца, а колішняй імпэрыі – зьнікнуць.

Карціна Карэна Шахназарава – гэта “Кур’ер” 70-ых і адказ на балабанаўскі “Груз 200”. Як і ў “Грузе 200” старанная рэстаўрацыя эпохі: фарцоўка, джынсы, падпольныя “Бітлз”, плякаты пра “Славу КПСС”, на якія ніхто не зважае, кніжны дэфіцыт, кружэлкі, Таганка, лекцыя пра Леніна.

Але, у адрозьненьні ад Балабанава, Шахназараў не карыстаецца прыёмамі сацыяльнага хорару. Ягоная тэрыторыя – прыватныя чалавечыя пачуцьці, а найпадыходны жанр – трагікамэдыя. Героі робяць ня тое – і трапляюць не туды. Замест “Ролінгаў” – падмётны Чайкоўскі, замест прымірэньня – гулянка ў рэстарацыі, замест вясельля – чужое дзіця і разрыў назаўжды. У апошняй трагікамэдыі Шахназарава сьмех зьнікае й вязьне.

Ёсьць годны дарэвалюцыйны дзед (Армэн Джыгарханян), але яму застанецца нядоўга, ёсьць камуністычны маразм – які ня муляе вока; ёсьць “Іван Васільевіч, які зьмяняе прафэсію” і камэдыйныя залёты на лекцыі па фальклёры.

Героям “стабільнай эпохі” няма куды рухацца – і няма пра што марыць. Каханьне загубленае інфантыльнасьцю і бязвольнасьцю, трагікамэдыя аглухла ў камуністычна-геданістычнай атмасфэры 70-ых. Савецкая імпэрыя яшчэ не засыпаная пяскамі, але мёртвая пляцоўка ўжо ёсьць.

Фільм Шахназарава наўмысна вялы, сумны і апатычны. Ён цалкам адпаведны эпосе зьніклай імпэрыі, якую адэкватна здольныя ацаніць тыя, хто помніць застойныя часы.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы