Намеснік старшыні Вярхоўнага суда: Пра спіс памілаваных чыноўнікаў мне нічога не вядома

25.02.2016 / 12:50

Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч заявіў, што ён не ведае, ці існуе спіс памілаваных чыноўнікаў, асуджаных за карупцыйныя злачынствы. А таксама адзначыў, што правам прымаць рашэнне — памілаваць ці не, надзелены прэзідэнт. Пра гэта ён паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі «Вынікі дзейнасці судовай сістэмы Беларусі за 2015 год».

«Я, шчыра кажучы, такога спісу не бачыў. Што тычыцца прынятых нядаўна рашэнняў кіраўніком дзяржавы аб памілаванні шэрагу асуджаных, то гэта права дадзена яму», — адзначыў Калінковіч.

Ён нагадаў, што кожны асуджаны можа звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні. Рашэнне прымаецца ў залежнасці ад паводзінаў асобы падчас адбыцця пакарання. Прымае рашэнне не суд.

Раней, нагадаем, з нагоды спісу памілаваных былых чыноўнікаў і топ-менеджэраў, якія былі прызначаны на кіруючыя пасады, БелаПАН звяртаўся з запытам у Адміністрацыю прэзідэнта. Там адмовіліся прадаставіць поўны спіс, спаслаўшыся на службовую таямніцу.

«Такое рашэнне прэзідэнтам было прынята з улікам персанальнага падыходу да разгляду кожнай кандыдатуры, а таксама характару здзейсненага, — гаворыцца ў адказе на інфармацыйны запыт. — Паколькі памілаванне ажыццёўлена ў выглядзе вызвалення ад адбыцця як асноўнага, так і дадатковага пакарання, якое прадугледжвае пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, далейшае працаўладкаванне памілаваных асоб, у тым ліку на кіруючыя пасады, не супярэчыць заканадаўству».

За апошні час журналістам стала вядома пра некалькі фактаў, калі чыноўнікі, якія трапілі за краты, былі вызваленыя і прызначаныя на кіруючыя пасады.

На днях з'явілася інфармацыя, што экс-гендырэктар ААТ «Холдынг «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін, асуджаны ў 2014 годзе на сем гадоў зняволення за крадзеж і атрыманне буйнога хабару паўторна, з канца студзеня 2016 г. узначаліў СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёна.

18 лютага стала вядома, што былы намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Волкаў быў датэрмінова вызвалены і ўзначаліў дырэкцыю аб'ектаў, якія будуюцца Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода.

Атрымаў датэрміновае вызваленне, што быў асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі, былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната Віктар Хадасевіч. Ён працуе в.а. старшыні СВК «Ліпаўка» ў Хоцімскім раёне.

26 студзеня стала вядома, што датэрмінова вызвалены і прызначаны дырэктарам сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Пятровічы» былы намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Архіпаў.

Датэрмінова выйшаў на свабоду прысуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі былы гендырэктар «Магілёўдрэва» Андрэй Усаў. Ён прызначаны выканаўчым дырэктарам па вытворчасці на прадпрыемства-банкрут «Строммашына».

А экс-намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч, якога асудзілі на тры гады ўзмоцненага рэжыму за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, стаў дырэктарам Баранавіцкага камбіната надомнай працы.