У Славеніі падчас адбору на «Еўрабачанне» паказалі пародыю на Пуціна ВІДЭА
28.02.2016 / 19:44
У Славеніі падчас фінальнага галасавання ў адборы на «Еўрабачанне» паказалі парадыйнае відэа пра прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Песню «Putin, Putout» і кліп стварыў комік Клемен Слакон'я, які і быў вядучым канцэрта. Яна высмейвае імперскія амбіцыі расейскага лідара: «Ніхто не хоча Трэцяй сусветнай, Еўрасаюз і ЗША, не сварыцеся са мной».
На відэа падобны да Пуціна акцёр выхваляецца арміяй, ядзернай зброяй і дэманструе голы торс верхам на кані. Акрамя таго, у роліку з'яўляецца трон з сярпоў і молатаў, скандальная група Pussy Riot, а сам «Пуцін» — на вокладцы Time.
Сам аўтар відэа Клемен Слакон'я ў Славеніі добра вядомы. На сваім відэаканале ён публікуе ўласныя пародыі на мясцовых палітыкаў і зорак.