«Беларускі шпіён» у Літве асуджаны на тры гады зняволення

04.03.2016 / 17:40

Віленскі акруговы суд у пятніцу, 4 сакавіка, прызнаў былога фельчара Узброеных сіл Літвы Андрэя Ашуркова вінаватым у шпіянажы на карысць Беларусі і прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі.

Delfi

Суд прызначыў мінімальнае пакаранне, прыняўшы да ўвагі тое, што Ашуркаў раней не быў судзімы і прызнаўся ў здзяйсненні злачынства.

Генпракуратура прасіла прысудзіць Ашуркова да шасці гадоў пазбаўлення волі. Пракурор Рэдас Савіцкас сказаў, што не ведае, ці будзе абскарджаны прысуд. Адвакат асуджанага адмовіўся размаўляць з журналістамі.

Ашуркоў, які служыў у механізаваным пяхотным батальёне Вялікага князя Літоўскага Альгерда, быў затрыманы ў студзені 2014 года. Паводле паведамлення Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы, у снежні мінулага года Галоўнае выведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь завербавала Ашуркова ў Беларусі і мэтанакіравана укараніла ў ВС Літвы для выканання спецзадач.

Паводле сцвярджэння пракурораў, Ашуркоў збіраў інфармацыю, маючы зносіны непасрэдна з вайскоўцамі, назіраючы, запамінаючы і па магчымасці фатаграфуючы ці фіксуючы іншым чынам. Напрыклад, ён перарысоўваў схемы і планы, запісваў дадзеныя аб ваеннаслужачых з рэгістрацыйных кніг і часопісаў. Як сцвярджаюць у Літве, ГРУ Беларусі таксама дало Ашуркаву заданне шукаць у літоўскай арміі непатрыятычна настроеных асоб, збіраць на іх інфармацыю, шукаць іншых кандыдатаў для вярбоўкі.