Спілберг здыме пяты фільм пра Індыяну Джонса з Харысанам Фордам
15.03.2016 / 22:16
Папулярны герой фільмаў Індыяна Джонс вернецца на вялікія экраны 19 ліпеня 2019 года, паведамляецца на сайце кампаніі Walt Disney.
Кадр з фільма «Індыяна Джонс і Каралеўства крыштальнага чэрапа»
Рэжысёрам пятай па ліку прыгодніцкай стужкі зноў выступіць Стывен Спілберг, а ролю знакамітага археолага і шукальніка прыгод зноў выканае Харысан Форд. Прадзюсарамі фільма стануць Кэтлін Кэнэдзі і Фрэнк Маршал.
«Індыяна Джонс — адзін з найлепшых герояў у гісторыі кінематографа, і мы з нецярпеннем чакаем яго вяртання на экран у 2019 годзе», — заявіў кіраўнік The Walt Disney Studios Алан Хорн.
«Рэдка ўдаецца атрымаць такое ідэальнае спалучэнне рэжысёра, прадзюсараў, акцёра і ролі. Мы вельмі шчаслівыя пачаць гэтую прыгоду з Харысанам і Стывенам», — дадаў ён.
Першая частка сагі пра Iндыяну Джонса — «У пошуках страчанага каўчэга» — выйшла на экраны ў 1981 годзе. Яна ўвайшла ў сотню найлепшых амерыканскіх фільмаў па версіі Амерыканскага інстытута кінамастацтва.
Затым ў 1984 з'явіўся «Індыяна Джонс і храм лёсу», у 1989 — «Індыяна Джонс і апошні крыжовы паход», а ў 2008 годзе быў зняты чацвёрты фільм «Індыяна Джонс і Каралеўства крыштальнага чэрапа».
Пакуль невядома, як будзе называцца пятая частка.