У Мінску чакаюць міністра замежных спраў Польшчы, ён наведае таксама Ваўкавыск, дзе жылі яго продкі

17.03.2016 / 09:06

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі мае наведаць Мінск з візітам 22—23 сакавіка. 

Плануецца, што ён сустрэнецца з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і правядзе перамовы са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем.

Вашчыкоўскі мае сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў Мінску і польскай меншасцю ў Гродне. Мяркуецца, што ён таксама ўскладзе кветкі ў Курапатах.

Мама міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага паходзіць з Ваўкавыска. Там жыла да вайны яе сям'я, дзед міністра працаваў на пошце. Пасля вайны сям'я пераехала ў ПНР. Падчас свайго візіту ў Беларусь кіраўнік польскай дыпламатыі наведае горад сваіх продкаў. Інфармацыяй пра гэта палітык пачаў сваё спатканне з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў у Варшаве.