ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі

17.03.2016 / 10:10

Прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст паведаміў 16 сакавіка, што санкцыі ўведзеныя пасля рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, у якой асуджаюцца ядзерныя выпрабаванні.

7 лютага Паўночная Карэя заявіла пра запуск ракеты далёкага радыусу дзеяння. Паўднёвакарэйскія і амэрыканскія вайскоўцы заявілі, што запуск быў прыкрыццём для тэставання балістычнай ракеты, здольнай несці ядзерны зарад — выпрабаванне, якое забароненае некалькімі рэзалюцыямі Рады Бяспекі ААН.

2 сакавіка Рада Бясьпекі ААН аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненні санкцый у дачыненні да Пхеньяна. Згодна з новымі санкцыямі, усе грузы, якія ідуць у Паўночную Карэю ці з яе, будуць правяраць на прадмет забароненых тавараў і тэхналогій.

Рэзалюцыя прадугледжвае забарону на імпарт з КНДР вугалю, жалезнай руды, каштоўных металаў, а таксама эмбарга на пастаўкі ў гэтую краіну ўсіх відаў авіяцыйнага паліва.

У апошнія гады ЗША і іншыя краіны Захаду ўвялі шэраг санкцыяў супраць Паўночнай Карэі, патрабуючы скараціць ядзерную праграму, але Пхеньян не звяртаў увагі на гэтыя патрабаванні.