Расія сцвярджае, што патраціла на вайну ў Сірыі толькі 33 мільярды рублёў

17.03.2016 / 14:14

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што ваенная аперацыя ў Сірыі абышлася бюджэту міністэрства абароны Расіі ў 33 мільярды рублёў (пры сённяшнім курсе — каля 500 млн даляраў).

Гаворачы пра вынікі аперацыі, Пуцін заявіў, што Расія «ў корані пераламала сітуацыю». «Мы не далі разрасціся тэрарыстычнай пухліне, разбураныя схроны бандытаў, іх склады са зброяй і боепрыпасамі, блакаваныя маршруты кантрабанды нафты, ад якой тэрарысты атрымлівалі асноўную фінансавую падпітку», — сказаў прэзідэнт РФ.

Пуцін таксама заявіў, што Расія правяла «велізарную працу па ўмацаванні законнай улады і дзяржаўнасці Сірыі», а таксама стварыла ўмовы для пачатку мірнага працэсу.

Пуцін выступіў на цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў аперацыі ў Сірыі. Узнагарод удастоены 17 вайскоўцаў, чацвёра з іх атрымалі зоркі Герояў Расіі — гэта першы намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнага ваеннага акругі генерал-палкоўнік Аляксандр Дворнікаў, афіцэр галоўнага ўпраўлення Генштаба палкоўнік Вадзім Байкулаў, старшы штурман-выпрабавальнік палкоўнік Віктар Раманаў і намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі маёр Андрэй Дзьячэнка.

Па афіцыйных дадзеных, ЗША трацяць на авіяўдары па тэрарыстах у Сірыі і Іраку 11,5 мільёна даляраў у дзень. Расійская аперацыя, якая працягвалася 167 дзён, каштавала значна танней: прыкладна 2,8 мільёна даляраў у дзень (па курсе 70 рублёў за даляр).