Лукашэнка разлічвае на новы этап у адносінах з ЗША

30.03.2016 / 12:26

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыў паміж Беларуссю і ЗША стане новым этапам адносін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам.

Паводле слоў кіраўніка краіны, у Беларусі з заходнім светам, ЗША намеціўся нейкі пазітыў. «Я б вельмі хацеў, каб гэта быў новы этап у нашых адносінах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што палітызаванасць адносін Беларусі з заходнімі краінамі занадта высокая. «Нам бы не перашкаджала звярнуць свае погляды перш за ўсё на эканоміку, на гандлёва-эканамічныя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з Еўрапейскім саюзам. І гэта было б добрым падмуркам пабудовы добрых адносін па ўсіх напрамках», — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларусь гатова абмяркоўваць з заходнімі партнёрамі любыя праблемы, супрацоўнічаць з ЗША. «Не толькі таму, што гэта глабальная імперыя, вядучая дзяржава свету, з якой супрацоўнічаюць усе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве склалася добрае паважлівае стаўленне да Амерыкі. Гэтаму не перашкодзілі і санкцыі, што дзейнічалі ў мінулым супраць Беларусі.

«Наш народ добры, адукаваны і разбіраецца ў тых працэсах, якія адбываюцца ў свеце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў наладжваць адносіны ў духу пажаданняў беларускага і амерыканскага народаў.