На беларускі рынак выходзіць ізраільская авіякампанія Arkia

31.03.2016 / 17:43

У красавіку 2016 года на турыстычны рынак Беларусі выходзіць новы авіяперавозчык — ізраільская авіякампанія Arkia, паведамляе прэс-служба сэрвісу па браніраванні авіябілетаў tickets.by.

Рэйсы будуць ажыццяўляцца з нацыянальнага аэрапорта Мінск у аэрапорты Бэн-Гурыён і Здзе-Доў горада Тэль-Авіў і назад тройчы на тыдзень — па панядзелках, серадах і пятніцах.

Прадугледжана магчымасць наступных састыковак на рэйсы ў ізраільскія гарады Эйлат і Хайфу, гаворыцца ў паведамленні.

Першы рэйс плануецца ажыццявіць 22 красавіка.

Генеральным агентам (GSA) Arkia ў Беларусі і краінах Балтыі з'яўляецца кампанія Fly Team, праз якую айчынныя турыстычныя кампаніі могуць заключаць агенцкія дагаворы для продажу авіябілетаў сваім кліентам.

Arkia — другая па велічыні авіякампанія Ізраіля, заснаваная ў 1949 годзе. Ажыццяўляе як унутраныя пералёты: Тэль-Авіў, Хайфа, Эйлат, так і міжнародныя — у краіны Заходняй Еўропы і Міжземнамор'я. Акрамя авіяпералётаў Arkia прапаноўвае шэраг дадатковых паслуг — браніраванне гатэляў, арганізацыю тураў і іншае.