Віцэ-прэм'ер Качанава пра заробак настаўнікаў: Лічу, што гэта някепскі ўзровень

03.04.2016 / 09:09

У сярэднім па краіне настаўнікі зараз зарабляюць 5 мільёнаў 618 тысяч рублёў. «Я лічу, гэта нядрэнны ўзровень», - заявіла ў інтэрв'ю праграме «Карціна свету» на тэлеканале «Расія-Беларусь» віцэ-прэм'ер Наталля Качанава.

- Я вам так скажу: калі настаўнік працуе і мае адпаведную катэгорыю, яшчэ хоча займацца гуртковай працай, то ў гэтага настаўніка можа быць зарплата і 7, і 8, і 10 млн. Прычым гэта лічбы і статыстыка, якія называю ня я. Гэта лічбы, якія агучвалі мне самі выкладчыкі, калі я пра іх гэта пыталася, — распавяла віцэ-прэм'ер.

Паводле яе слоў, невысокая зарплата ў маладых спецыялістаў, якія прыходзяць у школу адразу пасля ВНУ.

— На дакладзе Аляксандр Рыгоравіч нам паставіў задачу: паглядзіце ўважліва — маладыя спецыялісты павінны атрымаць зарплату — як вырашыць гэтае пытанне. Таму што трэба зацікавіць маладога спецыяліста. Мала таго, што ён любіць гэтую прафесію, раз ён прыйшоў працаваць педагогам, трэба яго і матываваць.

Сёння, лічыць Наталля Качанава, у дырэктараў школ ёсць магчымасці павышаць зарплаты маладым настаўнікам, у якіх яны зацікаўленыя.

- За кошт прэміяльнай аплаты працы, за кошт пазабюджэтнай дзейнасці, а сёння, балазе, такія магчымасці ў нашых устаноў ёсць. І таму зараз, з улікам пастаўленых перад намі задач, мы ўважліва яшчэ раз вернемся да гэтага пытання.