Пад Масквой жорстка збілі музыканта «Любэ»

У падмаскоўным Дзмітраве затрымалі 39-гадовага мужчыну, падазраванага ў збіцці бас-гітарыста гурта «Любэ» Паўла Усанава. Пра гэта 3 красавіка ТАСС паведаміла крыніца ў праваахоўных органах.

03.04.2016 / 11:59

У прэс-службе паліцыі Маскоўскай вобласці пацвердзілі затрыманне жыхара Сонечнагорскага раёна, але не паведамілі імя чалавека, якому ён нанёс траўмы. У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па частцы 1 артыкула 111 КК РФ («Наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю»).

Фота: Facebook

40-гадовы Усанаў быў жорстка збіты ў ноч на 2 красавіка. Яго шпіталізавалі ў адну з маскоўскіх бальніц у непрытомным стане. Дактары ацанілі стан музыкі як цяжкі. У яго дыягнаставалі шматлікія пераломы і страсенне мозгу.

Усанаў далучыўся да «Любэ» ў 1996 годзе пасля гібелі ў аўтакатастрофе папярэдняга басіста гурта Аляксандра Мікалаева.