Міжнароднае расследаванне: «Атачэнне Пуціна» ўкрала ў Расіі па меншай меры 2 млрд даляраў

«Атачэнне Пуціна» вывела з Расіі праз сетку банкаў і ценявых кампаній каля $ 2 млрд, сцвярджае Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў (ICIJ)

03.04.2016 / 22:04

Фота Дзмітрыя Азарава, kommersant.ru

У дакладзе Міжнароднага кансорцыума журналісцкіх расследаванняў (ICIJ), які быў апублікаваны 3 красавіка, сцвярджаецца, што людзі «з блізкага атачэння» прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, перавялі праз афшорныя кампаніі па меншай меры $2 млрд.

У сваім расследаванні журналісты спасылаюцца на «беспрэцэдэнтную уцечку мільёнаў дакументаў» з базы дадзеных Mossack Fonseka, чацвёртай па велічыні ў свеце афшорнай юрыдычнай фірмы.

Хоць імя прэзідэнта РФ не фігуруе ні ў адным з дакументаў, дадзеныя паказваюць, што «сябры прэзідэнта» зарабілі мільёны, сцвярджаецца ў расследаванні.

Шлях афшорнага ланцужка пачынаецца ў Панаме, ідзе праз Расію, Швейцарыю і заканчваецца на Кіпры, піша ICIJ.

Асаблівая ўвага ў дакументах, на якія спасылаецца ICIJ, нададзена «сябру Пуціна» Сяргею Ралдугіну. Ён назбіраў маёмасць на суму не менш як $ 100 млн, сцвярджаецца ў расследаванні.

Раней на гэтым тыдні прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што супраць Пуціна рыхтуецца «інфармацыйны ўкід», які прэтэндуе на сенсацыйнасць. Паводле яго слоў, аб публікацыях стала вядома з-за запытаў, якія ў Крэмль адправілі прадстаўнікі СМІ. Як адзначаў Пяскоў, адзін такі запыт паступіў ад Міжнароднага кансорцыуму журналісцкіх расследаванняў (ICIJ).