Беларусы найбольшай пагрозай лічаць ЗША
05.04.2016 / 09:10
У той час як у шэрагу краін Усходняй Еўропы большасць жыхароў лічыць галоўнай пагрозай дзяржбяспекі Расію, пераважная большасць расейцаў пагрозай нумар адзін называе ЗША.
Жыхары краін постсавецкай прасторы лічаць галоўнай пагрозай сваёй бяспецы альбо Расею, альбо ЗША, у залежнасці ад палітычнай пазіцыі сваёй дзяржавы.
Да такой высновы прыйшлі эксперты амерыканскага інстытута грамадскай думкі Gallup у сваім даследаванні, вынікі якога былі апублікаваныя ў панядзелак, 4 красавіка.
Так, РФ называюць галоўнай пагрозай ва Украіне (52 адсоткі апытаных), у Грузіі (48 адсоткаў апытаных) і ў Малдове (16 адсоткаў рэспандэнтаў). Таго ж меркавання ў дачыненні да ЗША прытрымліваюцца ў Беларусі (44 адсоткі), Казахстане і Кіргізіі (36 і 33 адсоткі рэспандэнтаў адпаведна). Туркмены і ўзбекі ў асноўным асцерагаюцца Афганістана, а таджыкі — Сірыі.
Большасць удзельнікаў апытання расейцаў — 64 адсоткі — назвалі галоўнай пагрозай бяспецы сваёй краіны ЗША. Гэта рэкордны паказчык сярод усіх краін, дзе праводзілася апытанне. Украіну лічаць асноўнай пагрозай толькі 5 адсоткаў рэспандэнтаў у Расіі.
У краінах Балтыі, Польшчы і Румыніі ўсур'ёз баяцца Масквы
Ва ўсходнееўрапейскіх краінах, якія ўваходзяць у ЕС, — Польшчы, Румыніі і краінах Балтыі, грамадзяне схільныя лічыць асноўнай пагрозай РФ (ад 69 да 42 працэнтаў рэспандэнтаў).
У Грэцыі большасць апытаных лічыць найбольшай пагрозай Нямеччыну.
Сярод жыхароў краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, большасць удзельнікаў апытання назвалі галоўнай пагрозай дзяржаву-суседку: у Азербайджане — Арменію, у Арменіі — Азербайджан, у Косава і Албаніі — Сербію, у Чарнагорыі — Албанію. Пры гэтым, адзначаюць даследчыкі, тут рэспандэнты схільныя ўспрымаць ЗША як больш істотную небяспеку, чым Расія.
Апытанне было праведзена амерыканскім інстытутам грамадскай думкі Gallup з чэрвеня па верасень 2015 года. У кожнай з краін сацыёлагі апыталі па 1000 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 15 гадоў, на тэрыторыі РФ у даследаванні ўзяло ўдзел больш за 2000 чалавек.