Дзве магутныя магнітныя буры чакаюцца ў красавіку

Самая магутная ў гэтым месяцы магнітная бура пачнецца ў бліжэйшую пятніцу, 8 красавіка. Следам за ёй прыйдзе чатырохдзённая бура — яна будзе доўжыцца з 18 па 21 красавіка.

05.04.2016 / 10:38

Сонца падчас успышкі. Фота: NASA/SDO

Згодна з вынікамі некаторых даследаванняў, магнітныя буры негатыўна ўплываюць на самаадчуванне людзей. Нейкі адсотак зямлян адзначае галаўныя болі і паслабленне ўвагі, скардзіцца на бяссонніцу. Медыкі рэкамендуюць метэаадчувальным людзям пазбягаць фізічных нагрузак, сачыць за ціскам, спаць не менш за шэсць гадзін і выключыць з рацыёну тлустую ежу.

Геамагнітныя буры таксама ўплываюць на многія вобласці дзейнасці чалавека: могуць прыводзіць да парушэння сувязі, навігацыі касмічных караблёў, а таксама да ўзнікнення віхравых індукцыйных токаў у трансфарматарах і трубаправодах.

Наймагутная геамагнітная бура адбылася ў 1859 годзе. На Сонцы быў каранальны выкід такой сілы, што ён дасягнуў Зямлі ўсяго за 18 гадзін, хоць звычайна адлегласць да нас ён пакрывае за тры-чатыры дні. Гэтая магнітная бура выклікала адмову тэлеграфных сістэм у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Па ўсім свеце назіралася паўночнае ззянне.