«Советская Белоруссія»: Еўрапейскія лідары не пытаюцца думкі ўласных грамадзян

08.04.2016 / 13:51

Прэзідэнцкая газета Беларусі цешыцца перамогай еўраскептыкаў на кансультатыўным рэферэндуме ў Нідэрландах.

Там ва ўмовах агульнай абыякавасці (яўка 32%) мабілізацыя праціўнікаў пашырэння Еўрасаюза прывяла да таго, што большасць прагаласавала супраць ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі ЕС з Украінай.

Вынік рэферэндуму не мецьме юрыдычных наступстваў, але будзе мець наступствы палітычныя. Кіраўнікам ЕС прыйдзецца надаваць больш увагі тлумачэнню матываў і пераспектыў супрацы з краінамі-суседкамі.

Газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссія», якая адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю Мінска, сустрэла вынікі плебісцыту ў Нідэрландаў задаволенасцю.

«Столькі трэ' было патраціць сіл, часу і крыві на правядзенне «еўрамайданаў», каб атрымаць у адказ галандскі антымайдан, — кпіць аглядальніца газеты Ніна Раманава. — Галандцам да ўкраінцаў ніякай справы няма, іх там увогуле мала хто ведае, галасавалі галандцы супраць еўрабюракратыі і дыктату Брусэля».

Яна лічыць рэферэндум па асацыяцыі з Украінай другім актам рэферэндуму 2005 года, калі нідэрландцы заблакавалі прыняцце канстытуцыі ЕС. «Ідэі канстытуцыі [еўрапейскія палітычныя эліты] адракліся, а вось палітыку вялі ўсё тую ж — брусэлецэнтрычную, не пытаючы думкі ўласных грамадзян».

«Еўрасаюз уступіў сёння ў фазу больш крытычнага асэнсавання сваёй уласнай палітыкі, — піша «Советская Белоруссія». — У адносінах з суседзямі мае адбыцца пошук новага фармату адносін». «Галандскі рэферэндум па зусім нязначным украінскім пытанні перавярнуў усю Еўропу», — піша беларуская газета.

Сяргей Гезгала