Глыток беларушчыны ў Пінску

11.04.2016 / 10:03

У сталіцы Палесся на вуліцы Леніна адкрылася крама «Мой модны кут», у якой можна набыць рэчы з беларускай сімволікай.

Цішоткі, кубкі, магніты, бейсболкі і шмат іншых сувеніраў з беларускай сімволікай сталі даступнымі пінчукам.

Уладальніца крамы Таццяна Данілішына распавяла «Медыя-Палессю» аб сваім бізнесе:

— Мы працуем усяго другі дзень. Асаблівай рэкламы не рабілі, аднак заходзіць даволі шмат пінчукоў, і водгукі ў асноўным станоўчыя. Цікава глядзець на рэакцыю людзей, якія ніколі не бачылі такога ў Пінску.

Таццяна Данілішына падкрэсліла:

— Акрамя бізнэсу, мы нясём і асветніцкую функцыю: папулярызуем рэчы і з’явы, звязаныя з беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Наш тавар зроблены з беларускай душою і здаровым патрыятызмам. Далей плануем прадаваць тавар з палескім каларытам, так што чакаем прапаноў ад пінчукоў.