У памочніка сенатара Шакуціна яшчэ з 1990-ых зарэгістраваны афшор у Панаме

15.04.2016 / 15:01

У базе панамскіх афшораў, сярод іншых, згадваецца кампанія VTF BELARUS INC, зарэгістраваная яшчэ ў 1994 годзе.

На гэты факт звярнула ўвагу журналістка Святлана Калінкіна ў сваім «фэйсбуку».

Дырэктар VTF BELARUS INC — Ігар Субоцін. Сярод беларускіх імёнаў у спісе кіраўнікоў таксама прадстаўленыя «Ігар Шаўчэнка» і «Уладзімір Буян» (?).

Ігар Субоцін блізкі да сенатара Аляксандра Шакуціна. У рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсменаў краіны ён займае 63-е месца.

Субоцін лічыцца памочнікам Шакуціна у савеце рэспублікі (на грамадскіх пачатках), быў намеснікам і ў тэніснай федэрацыі.

Паводле інфармацыі «Ежедневніка», у 1990-ыя Субоцін быў намеснікам дырэктара Мінскага трактара завода. У той час там працаваў і Шакуцін. Яны разам стваралі кампанію «ПМІ-груп» і ўдзельнічалі ў прыватызацыі «Амкадора».

Кампанія «ПМІ Груп» займаецца дыстрыбуцыяй абсталявання і запчастак, мае ў сваім складзе Дзяржынскі мотарамонтны завод.

Цяпер Субоцін пазначаецца як дырэктар ТАА «ПМІ Інжынірынг».

На момант напісання матэрыяла мабільны тэлефон Ігара Субоціна не быў даступны для каментара. 

* * *

Гэты не першы выпадак, калі вядомыя беларусы аказваюцца кіраўнікамі афшорных кампаній.

Напрыклад, бізнэс на Брытанскіх Віргінскіх астравах меў Аляксандр Мятла, блізкі сябар Віктара Шэймана, заснавальнік «Лініі Сталіна» і кіраўнік аб'яднання афганцаў.

ЯМ