Міжнародная баскетбольная федэрацыя дыскваліфікавала зборныя Расіі, Літвы, Польшчы і яшчэ 11 зборных

Гэтыя зборныя адхіленыя ад удзелу ў Еўрабаскеце-2017.

16.04.2016 / 10:11

Сярод дыскваліфікаваных і нашыя заходнія суседзі, віцэ-чэмпіён Еўропы-2015 зборная Літвы, дзе баскетбол амаль як рэлігія, фота basketnews.lt

ФІБА дыскваліфікавала зборныя 14 краін. Раней ФІБА пагражала адхіліць каманды тых краін, федэрацыі якіх дазваляюць сваім клубам удзельнічаць у Еўракубку, другім турніры Еўралігі.

Пасля таго як клубы еўрапейскіх ліг абвясцілі пра падпісанне трохгадовага пагаднення з Еўралігай, ФІБА прыняла рашэнне прывесці пагрозы ў сілу.

Зборныя дыскваліфікаваных краін не змогуць удзельнічаць у Еўрабаскеце-2017.

Лісты з апавяшчэннямі былі пасланыя ў федэрацыі 14 краін. Гэта краіны, якія ўваходзяць у Адрыятычную лігу (Сербія, Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя), Іспанія, Турцыя, Літва, Грэцыя, Італія, Ізраіль, Македонія, Польшча і Расія.

У лістах гаворыцца, што калі інфармацыя аб падтрымцы Еўралігі не адпавядае рэчаіснасці, то федэрацыя павінны прывесці доказы зваротнага да 20 красавіка.

ФІБА змагаецца з Еўралігай за ўплыў у еўрапейскім клубным баскетболе і спрабуе прымусіць другарадныя каманды ўдзельнічаць у Лізе чэмпіёнаў ФІБА, а не ў Еўракубку.