У бранскай паліцыі не ведаюць пра арышт Джона Сільвера
18.04.2016 / 10:40
Прэс-служба Упраўлення МУС Расіі па Бранскай вобласьці не пацвердзіла факт арышту стваральніка сайта 1863x.com, які працаваў пад псеўданімам John Silver.
Сёння расейскі прапагандысцкі рэсурс «Спутник и погром» паведаміў, што Джон Сільвер быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расійска-ўкраінскай мяжы і яго сапраўднае імя — Эдуард Аляксандравіч Пальчыс. Расійскае выданне адзначала, што гэтую інфармацыю пацвердзілі ў прэс-службе Упраўлення МУС Расіі па Бранскай вобласці.
Між тым у прэс-службе Упраўлення МУС па Бранскай вобласці карэспандэнту Свабоды заявілі, што нічога не ведаюць пра затрыманне беларускага грамадзяніна і ніякай інфармацыі аб гэтым не распаўсюджвалі. У прэс-службе бранскай паліцыі таксама выказалі здагадку, што рэсурс «Спутник и погром», які спасылаўся на іх ведамства, памыліўся.
Стваральнік сайта 1863x.com хаваўся пад псэўданімам Jhon Silver, вёў сайт-блог, матэрыялы якога папулярызаваў праз сацыяльныя сеткі. Тэматыка сайта — «выкрыццё мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалогія ў Беларусі».