У Крыме распачалі справу супраць журналіста радыё «Свабода»

19.04.2016 / 09:22

ФСБ распачала справу супраць журналіста партала «Крым.Реалии» па падазрэнні ў закліках да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі. Па словах пракурора Крыма, справа была распачата за артыкулы пра блакаду паўвострава.

Упраўленне ФСБ па Крыме завяло справу ў дачыненні да журналіста партала «Крым.Реалии» (праект «Радыё Свабода»), паведаміла пракурор Крыма Наталля Паклонская.

Паводле яе слоў, справа распачата па падазрэнні ў закліках да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі (ч.2 ст.280.1 КК РФ). Імя журналіста, у дачыненні да якога ФСБ распачала справу, Паклонская не назвала.

«Гэтым журналістам быў падрыхтаваны і апублікаваны артыкул, у якім прыводзяцца выказванні, накіраваныя на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці РФ, што не дазволена ні журналістам, ні каму-небудзь іншаму», — заявіла пракурор Крыма (цытата па ТАСС).

Яна ўдакладніла, што публікацыя была прысвечана блакадзе Крыма ўкраінскімі актывістамі. Па словах пракурора, падобныя матэрыялы ў Крыме расцэньваюць як апраўданне тэрарызму.

«Фактычна яны апраўдваюць дзеянні экстрэмістаў і тэрарыстаў. Мы не дазволім здзяйсняць злачынствы ў дачыненні да грамадзян Расійскай Федэрацыі і Расіі ў цэлым. Статус журналіста абавязвае выконваць патрабаванні заканадаўства», — падкрэсліла пракурор.

Паклонская адзначыла, што ход расследавання ўзяты на кантроль пракуратурай Крыма. «У цяперашні час вырашаецца пытанне аб абранні меры стрымання для журналіста», — дадала яна.