За што даюць «Пулітцэра» і каму сёлета дасталася самая прэстыжная ў свеце журналісцкая прэмія
20.04.2016 / 09:55
Журналісты The Tampa Bay Times радуюцца атрыманню Пулітцэраўскай прэміі, 19 красавіка 2016 года Фота: Loren Elliott / AP / Scanpix
У панядзелак, 18 красавіка, у ЗША ўручылі Пулітцэраўскую прэмію за выдатныя заслугі ў галіне журналістыкі, літаратуры і музыкі.
У намінацыі «Навіновая фатаграфія» прэмію атрымалі фотажурналісты Сяргей Панамароў, Маўрысіа Ліма, Тайлер Хікс і Дэніэл Этэр за сумесны праект пра крызіс з бежанцамі ў Еўропе. Рэпартажы былі зробленыя для розных публікацый у The New York Times.
Мігранты прычальваюць ў турэцкай лодцы непадалёк ад вёскі Скала на грэцкай выспе Лесбас. Уладальнік турэцкай лодкі, які пераправіў каля 150 чалавек на грэцкі бераг і які спрабаваў уцячы назад у Турцыю, быў арыштаваны ў турэцкіх водах. Фота Сяргей Панамароў / The New York Times, 16 лістапада 2015 года.
«Медуза» распавядае пра іншыя важныя працы, якія атрымалі самую прэстыжную журналісцкую прэмію свету ў 2016 годзе.
Служэнне грамадству
Associated Press — за расследаванне аб рабскай працы на рыбалавецкіх судах у Тайландзе
Вызвалены з рабства рыбак Мьінт Наін з маці ў яго роднай вёсцы ў М'янме, 16 мая 2015 года Фота: Gemunu Amarasinghe / AP / Scanpix
Як вынікае з апублікаванага ў сакавіку 2015 гадоў расследавання Associated Press, крэветкі і іншыя морапрадукты для амерыканскіх крам і рэстаранаў здабываліся ў Тайландзе з выкарыстаннем рабскай працы. Матэрыял прыцягнуў увагу да тайскай рыбалоўнай прамысловасці і стаў нагодай для буйнамаштабнага афіцыйнага расследавання, па выніках якога больш за дзве тысячы рабоў былі вызваленыя, а дзясяткі чалавек — арыштаваныя. Адзін з галоўных герояў матэрыялаў AP пра рабства — бірманец Мьінт Наін, яму прысвяцілі асобны артыкул. У 1993 годзе Наіну паабяцалі 300 даляраў за некалькі месяцаў працы ў Тайландзе, але ў выніку ён правёў 22 гады ў рабстве, працуючы за капейкі і не маючы магчымасці вярнуцца дадому. Наіна вызвалілі з рабства дзякуючы расследаванню міжнароднага агенцтва.
Тэрміновыя навіны
The Los Angeles Times — за асвятленне забойства 14 чалавек у Сан-Бернардзіна
Ахвяра страляніны ў Сан-Бернардзіна 2 снежня 2015 года Фота: David Bauman / AP / Scanpix
2 снежня 2015 года ў каліфарнійскім Сан-Бернардзіна Саед Рызван Фарук і яго жонка Ташфін Малік застрэлілі 14 чалавек на мерапрыемстве мясцовага дэпартамента аховы здароўя. Газета The Los Angeles Times у першыя дні пасля тэрарыстычнага акту стала галоўнай крыніцай навін аб забойствах; дзякуючы яе рабоце хутка стала вядома, якая падаплёка гэтага злачынства і чаму яно было здзейснена. За некалькі дзён журналісты LA Times падрабязна прайгралі ўсе абставіны тэракту, сабралі інфармацыю аб асобах забойцаў і першымі даведаліся аб іх радыкальных ісламісцкіх поглядах.
Найлепшае расследаванне
The Tampa Bay Times і The Sarasota Herald-Tribune — за матэрыял пра жыццё пацыентаў дзяржаўных псіхіятрычных стацыянараў у Фларыдзе
Напад на супрацоўніцу псіхіятрычнага стацыянара ў Фларыдзе, запіс з камер назірання, 2012 год Фота: The Tampa Bay Times / ZUMA Wire / Vida Press
Леанора ЛаПітэр Энтані і Энтані Кармье з The Tamba Bay Times і Майкл Брага з The Sarasota Herald-Tribune на працягу 18 месяцаў разбіраліся, як уладкаваныя псіхіятрычныя стацыянары ў Фларыдзе. Журналісты высветлілі, што ўлады штата, спрабуючы зэканоміць на іх, пагаршаюць умовы ўтрымання пацыентаў. Скарачэнне выдаткаў не спынілася нават пасля таго, як у бальніцах пачасціліся выпадкі самагубстваў. У шпіталях не хапала персаналу, умовы ўтрымання пацыентаў можна было параўнаць з сярэднявечнымі катоўнямі. Расследаванне выклікала вялікі рэзананс у штаце і прымусіла мясцовыя ўлады правесці аўдыт выдаткаў на псіхіятрычныя стацыянары.
Тлумачальная журналістыка
ProPublica і The Marshall Project — за матэрыял аб утойванні згвалтаванняў у паліцыі
Журналісты Ці Крысціян Мілер з ProPublica і Кен Армстронг з The Marshall Project у снежні 2015 года апублікавалі расследаванне згвалтавання 18-гадовай дзяўчыны непадалёк ад Сіэтла. Паліцыя спачатку ёй не паверыла і схіліла да таго, каб абвясціць гісторыю выдуманай. Злачынца ў гэты час заставаўся на волі і працягваў здзяйсняць згвалтаванні, пакуль яго не злавілі ў Каларада. Матэрыял складаецца з двух частак: вытрымак з расследавання паліцыі штата Вашынгтон (з яго вынікае, што паліцэйскія нават не спрабавалі знайсці злачынцу) і матэрыялаў расследавання ў Каларада (праведзенага па ўсіх правілах). Журналісты таксама звярнулі ўвагу на базу дадзеных ФБР, у якой утрымліваюцца звесткі пра выпадкі сэксуальнага гвалту: яна магла б дапамагаць лавіць злачынцаў, але ёй ніхто не карыстаецца.
Нацыянальны рэпартаж
The Washington Post — за серыю матэрыялаў пра паліцэйскі гвалт у ЗША
Супрацоўнікі The Washington Post падчас уручэння Пулітцэраўскай прэміі, 18 красавіка 2016 года Фота: Manuel Balce Ceneta / AP / Scanpix
The Washington Post пісала пра паліцэйскі гвалт практычна ўвесь год — ад навінавых нататак да шматстаронкавых матэрыялаў. Газета вырашыла сабраць зводную статыстыку выпадкаў, калі паліцэйскі на службе адкрываў агонь і забіваў чалавека. Да канца снежня 2015 года такіх выпадкаў набралася 965. Статыстыка журналістаў аказалася нашмат больш дакладнай чым дадзеныя ФБР, і спецслужбам нават прыйшлося паабяцаць больш акуратна ставіцца да збору звестак. Фактычна, The Washington Post узяла на сябе дзяржаўную функцыю кантролю паліцэйскага гвалту. З матэрыялаў сталічнай амерыканскай газеты, зрэшты, не вынікае, што паліцэйскія заўсёды ўжываюць зброю неабгрунтавана — у абсалютнай большасці ад рук супрацоўнікаў праваахоўных органаў гінулі ўзброеныя белыя мужчыны, якія ўяўлялі пагрозу. Тым не менш у бяззбройных чарнаскурых паліцыянты ў ЗША стралялі ў сем разоў часцей, чым у бяззбройных белых.
Міжнародны рэпартаж
The New York Times — за матэрыял аб забойстве за «спалены Каран» у Афганістане
Дзяўчына ў прытулку для жанчын у Кабуле, Афганістан, 29 мая 2010 года Фота: Alissa J. Rubin / The New York Times / Scanpix
Журналістка Аліса Рубін атрымала «Пулітцэра» за рэпартаж з Кабула аб забойстве 27-гадовай Фархунды Малікзады — яе забілі да смерці за тое, што жанчына нібыта спаліла Каран. Напад быў зняты на відэа і выкладзены ў інтэрнэт. Як высветлілася, дзяўчына, зразумела, не спальвала рэлігійную літаратуру, а толькі абвінаваціла гандляроў каля адной з мячэцяў ў продажы бессэнсоўных амулетаў, якія не маюць ніякіх адносін да ісламу. У тым, што яна знішчыла Каран, яе абвінаваціў адзін з гандляроў, які не ўмеў чытаць. Справа аб забойстве Фархунды выклікала вялікі рэзананс у Афганістане і нават дайшла да суду, што рэдка здараецца ў такіх выпадках.
Дакументальны нарыс
The New Yorker — за артыкул пра зону субдукцыі Каскад і пагрозу разбуральнага землятрусу
Фота: Alex Milan Tracy / Demotix / Demotix / Corbis / Vida Press
Часопісы сталі ўдзельнічаць у конкурсе «Пулітцэра» толькі ў 2015 годзе, але ўдзел стаў для іх няўдалым: ні ў адной катэгорыі часопісныя публікацыі не перамаглі. Першая ўзнагарода часопісам прыйшла толькі ў 2016-м: яе атрымала Кэтрын Шульц за артыкул «The Really Big One» у The New Yorker. У матэрыяле распавядаецца пра зону субдукцыі Каскад на паўночна-заходнім узбярэжжы ЗША — гэта малавывучаны разлом, які можа справакаваць разбуральны землятрус і цунамі 30-метровай вышыні. У выніку магчымага стыхійнага бедства могуць загінуць дзясяткі тысяч чалавек.