У Мінску затрымалі групу лжэпрадпрымальнікаў з «дастаткова вядомым чалавекам» на чале

20.04.2016 / 14:29

У Мінску затрыманыя 10 чалавек, якія спалучалі забаўляльны бізнес з ілжэпрадпрымальніцкай дзейнасцю. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктара дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігара Маршалава.

«Учора была спынена дзейнасць арганізаванай злачыннай групы на чале з досыць вядомым у краіне чалавекам, які разам са сваёй легальнай дзейнасцю ў сферы забаў арганізаваў незаконны бізнес па аказанні паслуг суб`ектам рэальнага сектара эканомікі па ўхіленні ад выплаты падаткаў», — паведаміў Маршалаў.

У арганізаванай злачыннай групы канфіскавана больш за 180 пячатак розных прадпрыемстваў, у тым ліку нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь. Усяго, паводле аператыўных даных, у гэтай злачыннай групы налічваецца звыш 1,1 тыс. контрагентаў, сумы нявыплачаных падаткаў некаторых з іх перавышаюць 3—4 млрд. рублёў.

Падрабязнасці гэтай гучнай справы КДК абяцае паведаміць праз некалькі дзён.