Навошта Марцінкевічу спатрэбіўся Дунін

Пачынальнік беларускай літаратуры містыфікаваў свой радавод, лічыць гісторык-­архівіст Зміцер Дрозд.

07.05.2016 / 08:29

Радаводнае дрэва аднаго з родаў Марцінкевічаў герба «Лебедзь»

Наўрад ці ёсць у Беларусі чалавек, які не чуў прозвішча Дунін­Марцінкевіч. Вельмі ж яно яркае, запамінальнае. Вее ад яго глыбінёй стагоддзяў і высакародствам. Вымавіш — і нібы пераносішся ў слаўныя часы Вялікага Княства Літоўскага…

Тым часам гаворка ў гэтым артыкуле пойдзе пра, магчыма, самую галоўную містыфікацыю вялікага беларускага творцы — пра яго прозвішча. Падобна, што прыдомак «Дунін» у ім з’явіўся з уласнай волі Вінцэнта Марцінкевіча. «Глупства нейкае», — падумае патрабавальны і недаверлівы чытач: а як жа сотні дакументаў, кніг, лістоў, дзе стаіць подпіс менавіта «Дунін­-Марцінкевіч»? Акрамя таго, гэтае прозвішча мелі яго нашчадкі і сваякі. Але паспрабуем разабрацца па парадку.

Ці быў датчанін?

Вінцэнт Дунін­-Марцінкевіч — адзін з самых вывучаных класікаў. І ў яго біяграфіі, здавалася б, не магчымыя адкрыцці. Але, аказалася, для ўзнікнення новых гіпотэз (усё-­ткі назавём наш матэрыял гіпотэзай) дастаткова новага погляду на звесткі, якія дзесяцігоддзямі друкуюцца ў навуковых і навукова­-папулярных выданнях. Здзіўляе, што даследчыкі, якія выдатна ведалі, што Вінцэнт быў замяшаны ў крымінальных гісторыях з падробкай шляхецкіх дакументаў, практычна не ставілі пытанне: а наколькі можна давяраць складзенаму ім уласнаму радаводу? Паводле апошняга, яго род ішоў ад нейкага Пятра Дуніна, які прыехаў у Польшчу з Даніі яшчэ ў 1124 годзе. І нікога не хваляваў часавы разрыў паміж гэтым паўлегендарным Пятром і Вінцэнтам Марцінкевічам, які складаў радавод праз 700 гадоў!

Першы і самы важны дакумент у жыцці чалавека — метрыка аб нараджэнні і хрышчэнні. І ў нашым выпадку запіс аб хрышчэнні ў Бабруйскім касцёле не пакідае ніякіх сумневаў: ні ў бацькоў Яна і Марцыяны з Нядзвецкіх Марцінкевічаў, ні ў нованароджанага, нарачонага імем Вінцэнт­-Якуб, ні ў хрышчонай (сястры Вінцэнта) Юлляны Марцінкевічаўны няма ніякіх прыдомкаў.

Можна было б гэта спісаць на недасведчанасць або нават ляноту ксяндза, які ашчадзіў на падвойных прозвішчах Дуніных­Марцінкевічаў атрамант. Але не ў гэты раз. Бо Ян Марцінкевіч быў не проста шляхціцам. Быў ён сваяком самога Арцыбіскупа Магілёўскага, Мітрапаліта рымска-­каталіцкіх цэркваў у Расіі, адміністратара Віленскай дыяцэзіі, старшыні рымска-­каталіцкай духоўнай Калегіі, пажыццёвага ўладальніка Бабруйскай бенефіцыі (нерухомасці, прадстаўленай святару), да якой, уласна, і адносіўся духоўны маёнтак Панюшкевічы, дзе нарадзіўся Вінцэнт, — Станіслава Богуша­-Сестранцэвіча. І мясцовыя святары, і іх непасрэдны начальнік — мітрапаліт, які, дарэчы, таксама меў падвойнае прозвішча, выдатна ведалі, як на самай справе клічуць яго сваяка Яна Марцінкевіча. Але ў ніводным дакуменце, у тым ліку асабістых лістах і афіцыйных даверанасцях, ён не выкарыстоўвае прыдомак Дунін.

Прозвішча Дунін­-Марцінкевіч няма ні ў рэвізскіх сказках 1816 і 1821 гадоў, ні ў дакументах, што тычацца выкрадання Вінцэнтам Марцінкевічам будучай жонкі Юзэфы (сам Вінцэнт, адказваючы на пытанні следчага, называў сябе выключна Марцінкевічам). Кульмінацыяй тады стала вянчанне маладых 18 снежня 1831 года ў Мінскім касцёле бернардзінак. І гэты найважнейшы сакрамент праходзіў таксама без «Дуніна». Няма «Дуніна» ні ў асабістых подпісах пад дакументамі, пакінутымі яго родным дзядзькам Ігнатам, ні ў подпісе, пакінутым яго маці Марцыянай, ні ў дзясятках ранніх подпісаў самога Вінцэнта.

Я маю некалькі дзясяткаў ранніх дакументаў, пачынаючы ад 1750­-х: дзясяткі згадак у метрычных кнігах сям’і Марцінкевіча, дзясяткі судовых позваў, рэзалюцый, пратаколаў, допытаў, дэкрэтаў, даверанасцяў, лістоў, гандлёвыя здзелкі, фармулярныя спісы, прашэнні, запаветы… — усюды толькі адзін варыянт, Марцінкевіч!

Вядома, прыдомак маглі і не пісаць, але каб не пісаць яго заўсёды і паўсюль? Ды яшчэ ў тых дакументах, дзе ў іншых тыя прыдомкі напісаныя. Богуш-­Сестранцэвіч, Дахновіч-­Гаціскі, Воўк­Левановіч і нават Дунін-­Раецкі ёсць, а Марцінкевіч запісаны проста як Марцінкевіч. Магчыма, мая тэорыя ненадзейная і новыя знойдзеныя звесткі паставяць на ёй крыж. Але пакуль дакладныя дакументы, дзе продкі Вінцэнта былі б названыя Дунінымі­Марцінкевічамі, не выяўленыя.

Што такое прыдомак

Гэта дадатак да прозвішча, які першапачаткова меў практычнае значэнне: дапамагаў адрозніваць носьбітаў аднолькавых прозвішчаў або прадстаўнікоў розных галін аднаго роду — каб не блытаць цёзак. Прыдомкі ўтвараліся ад герба, ад імя продка і ад населенага пункта. Таксама прыдомак мог выкарыстоўвацца для надання прозвішчу больш «высакароднага» гучання.

Ні ў адным з вывадаў Марцінкевіча ў Мінскім і іншых дваранскіх дэпутацкіх сходах да 1832 года — а былі іх дзясяткі — не згадвалі прыдомак Дунін. Праўда, само прозвішча Дунін называлі! Але толькі калі гаварылі пра герб роду Марцінкевіча — «Лебедзь». Яго, згодна з легендай, прывёз у Польшчу з Даніі нейкі Пётр Дунін. Таму гэты герб меў і другую назву — «Дунін». І некаторыя сем’і, якія яго выкарыстоўвалі, сталі называцца з прыдомкам «Дунін»: Дунін-­Баркоўскія, Дунін­-Карвіцкія, Дунін­Ліпскія, Дунін-­Раецкія, Дунін-­Вансовічы, Дунін-­Вольскія. Гэты герб выкарыстоўвалі і 220 іншых шляхецкіх родаў — усіх іх зводзіць да агульнага продка не мае сэнсу, гаворка можа ісці толькі пра нейкае гербавае братэрства або сваяцтва.

Былі і шляхецкія сем’і Марцінкевічаў іншых гербаў, напрыклад, «Даліва», «Ляліва», «Наленч»… але паколькі само прозвішча ўтворана ад імя Марцінка, Марцін, не мае сэнсу спрабаваць звесці ўсіх яго носьбітаў да агульнага продка. Гэтых продкаў магло быць колькі заўгодна ва ўсіх частках Рэчы Паспалітай.

З большасцю ж Марцінкевічаў ВКЛ часоў расейскай акупацыі злы жарт сыграла ўжо гатовае, надрукаванае ў папулярным гербоўніку Нясецкага радаводнае дрэва, да якога розныя Марцінкевічы і «далучыліся», часта з дапамогай фальшывых дакументаў.

Значыць, прозвішча Дунін­-Марцінкевіч — варыянт прозвішча Марцінкевіч пэўнага герба «Дунін», дзе «Дунін» — прыдомак. Аднак не ўсё так проста, бо Вінцэнт выводзіў паходжанне не толькі свайго герба, але і свайго роду ад Пятра Дуніна. Гэта дазволіла і нашым даследчыкам пісаць, што яго продкі паходзяць з Даніі. Але тады яго прозвішча было б Дунін, а Марцінкевіч — прыдомак… Аднак ніякіх роднасных сувязяў Пятра Дуніна (некаторыя сучасныя польскія даследчыкі адмаўляюць яму ў дацкім паходжанні), які жыў у ХІІ стагоддзі, і роду Марцінкевіча не знойдзена.

Цар Пётр і 1201 год

Калі ж і як з’явіўся ў Вінцэнта Марцінкевіча «прыдомак» Дунін? У 1832 малады Вінцэнт Марцінкевіч, які ўжо жыў і працаваў у Мінску, стаў перад сур’ёзнай праблемай — давесці сваё шляхецкае паходжанне. Гучыць дзіўна, асабліва для прадстаўніка нябеднага і паважанага роду, прадстаўнікі якога займалі ганаровыя пасады і ў дакументах інакш як «вяльможны пан» не называліся, але такія ў Расійскай Імперыі былі законы. Сітуацыя абвастрылася пасля паўстання 1830—1831 гадоў, калі было вырашана канчаткова разабрацца са шляхтай і выйшаў закон «Аб разборы шляхты ў Заходніх губернях і аб упарадкаванні такога роду людзей». Вінцэнту Марцінкевічу, які і да гэтага называў сябе шляхціцам, давялося шукаць дакументы аб высокім паходжанні, пра што ён сам падрабязна напісаў у заяве ў Мінскі шляхецкі дэпутацкі сход:

«З дзяцінства асірацелы і маючы нядбайную радню, я зусім не меў нікога, хто б заняўся вывадовымі інтарэсамі нашага роду. Цяпер жа, дажыўшы да сталых гадоў, я ледзьве змог здабыць ад сваякоў нашы паперы, якія маю гонар падаць у тутэйшую дэпутацыю ў наступным парадку.

Што род Марцінкевічаў герба «Лебедзь» прыдомка Дунін з найдаўнейшых часоў карыстаўся шляхецкімі прэрагатывамі і ад вялікіх князёў Іаана Аляксеевіча, Пятра Аляксеевіча, якія былі ў саюзе з польскімі каралямі, меў наданні ў Смаленскім ваяводстве, у Малахоўскім стане — маёнтак Марцінкевічы…».

Пры гэтым Вінцэнт Марцінкевіч спасылаўся на дакумент, выдадзены са Смаленскага губернскага праўлення 24 кастрычніка 1802 жыхару Мінскай губерні Ігнату Мікалаевічу Марцінкевічу (роднаму дзядзьку Вінцэнта). Гэта выпіска ў даследчыкаў біяграфіі Марцінкевіча выклікала змяшаныя пачуцці, бо гаворка ў ёй ішла пра падзеі 1201 года! Публікуючы яе ў кнізе «Пачынальнікі», Генадзь Кісялёў нават замяніў дату на 1701 год, але ўсё роўна быў вымушаны пракаментаваць: «У дакуменце недакладнасць. У сапраўднасці Іван і Пётр Аляксеевічы з 1682 г. былі царамі, Іван Аляксеевіч памёр у 1696 г.». Язэп Янушкевіч так ацаніў дакладнасць гэтага дакумента: «Ці не з перыпетый уласнага жыцця браў драматург знакамітыя «указы всемилостивейшей государыни Елисаветы Петровны 49-­го апреля 1895 года» ды «всемилостивейшего государя Петра Великого, в 1988 году марта 69 дня последовавшего…», адмыслова абыграныя аўтарам у несмяротнай «Пінскай шляхце»?

Самога дакумента не было ў вывадовай справе — ён знойдзены мной пазней, і ў ім сапраўды гаворка пра падзеі часоў Пятра І, перанесеныя ў 1201 год. Скажам мякка: дакумент сумнеўны. Але і ў ім няма прозвішча Дунін­-Марцінкевіч!

Спісаў

Даследчыкі захапляліся тым, як добра малады Вінцэнт Марцінкевіч ведаў свой радавод. Але на самай справе першыя некалькі пакаленняў яго «продкаў» цалкам адпавядаюць пададзеным у гербоўніку Нясецкага, які ў сваю чаргу спасылаецца на звесткі Дунчэўскага, а гісторыя пра Пятра Дуніна ўзятая з «летапісацеля Пятра Наленча Малахоўскага». Бяда ў тым, што Дунчэўскі падае выпіску 1754 з Луцкага гродскага суда, а продкі Марцінкевіча, паводле яго ж словаў, у гэты час жылі ў Смаленскім ваяводстве, у маёнтку Марцінкевічы.

Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што большасць пададзеных у радаводзе Вінцэнта Дуніна­-Марцінкевіча дакументаў — ці адкрытыя падробкі, ці сумнеўныя дакументы (праверыць іх сапраўднасць немагчыма), ці дакументы, якія не маюць дачынення да гэтай сям’і: ці мала дзе і калі маглі жыць нейкія Ян, Тамаш ці Ігнат Марцінкевічы? Галоўным пры складанні такіх радаводаў было даць звесткі пра некалькі пакаленняў і пацвердзіць выпіскамі з актавых кніг, рэвізскіх сказак, метрычных кніг.

Больш-­менш дакладныя дакументы тычацца толькі пакалення самога Вінцэнта і яго бацькі. А вось на ўзроўні дзеда ўжо з’яўляюцца пытанні: па ўсіх радаводах дзед Вінцэнта — Мікалай, аднак у дзясятку дакументаў 1795 яго родны дзядзька мае імя па бацьку Міхайлавіч! А яшчэ раней сустракаюцца сумнеўныя факты. Напрыклад, па выпісках з метрычных кніг выходзіла, што Ян Фёдаравіч Марцінкевіч нарадзіўся ў 1710, а яго сын Якуб — у 1777 (бацьку — 67 гадоў), сын Ігнат — у 1786 (76 гадоў). Падобна, тут гаворка пра розных людзей і пакаленні, злучаныя ў адно радаводнае дрэва.

Больш чым сумнеўна выглядаюць і дакументы, якія чароўным чынам з’яўляюцца пасля адмоўнай рэзалюцыі Дэпартамента герольдыі, які разглядаў справы аб пацвярджэнні шляхецтва. У шляхецкія вывады імкнуліся ўкладаць усё, што мелі, да найдрабнейшай паперкі. Таму выклікае здзіўленне, калі праз дзясяткі гадоў знаходзіліся якраз патрэбныя арыгінальныя прывілеі каралёў Рэчы Паспалітай або метрычныя выпіскі са згарэлых кніг. Часта так і пісалі: «Пасля вызначэння Герольдыі я перагледзеў свае дакументы (або дакументы, якія дасталіся мне ад нядаўна памерлага сваяка) і знайшоў там …». Чароўным чынам знаходзіліся менавіта патрэбныя для доказу шляхецтва паперы патрэбнага зместу! Цуд!

Усе вядомыя мне крыніцы, у якіх сустракаецца прозвішча Дунін­Марцінкевіч, — гэта дакументы, якія ўваходзяць у склад такіх шляхецкіх доказаў: «выпіскі» з актавых кніг, якіх ужо не існавала на той момант.

Асаблівай папулярнасцю ў фальсіфікатараў шляхецтва карысталіся кнігі Ашмянскага і Браслаўскага судоў, а таксама акты Галоўнага Трыбунала ВКЛ Мінскай кадэнцыі, якія дрэнна захаваліся. Спробы чыноўнікаў пераканацца, ці існавалі калісьці падобныя дакументы, сканчаліся аднолькава: «прыгонных кніг 1630 і 1639 гадоў не маецца», «акты скасаванага Браслаўскага суда ў 1812 годзе пры выгнанні непрыяцельскіх войскаў знішчаны агнём», «акты Трыбунала Мінскай кадэнцыі ад 1641 да 1759 год згарэлі ў горадзе Мінску ў 1762». Таму да «выпісак» трэба ставіцца з велізарным сумневам. І складанне сапраўднага радавода Вінцэнта Марцінкевіча яшчэ наперадзе.

Пацвярджэнне шляхецтва як тагачасная «Карта паляка»

Падводзячы вынік кароткага аналізу дакладнасці радаводу Вінцэнта Дуніна­-Марцінкевіча, рызыкну сцвярджаць, што ў многіх месцах гэта ўдалы мастацкі твор генеалагічнага жанру. У ім ствараецца сапраўдная альтэрнатыўная рэальнасць, як ва «Уладары пярсцёнкаў». Нам дакументальна (!) даказалі існаванне людзей і фактаў, якіх ніколі не было!

Паводле падобнага прынцыпу стваралася большасць радаводаў у тыя часы, і, магчыма, дзясяткі з іх належаць таленавітаму пяру Вінцэнта Дуніна­-Марцінкевіча. Многія сяляне, дзякуючы падобным «доказам», змаглі не толькі вызваліцца з прыгоннай залежнасці, але нават даказаць сваё шляхецкае паходжанне. Марцін Чапкоўскі, саўдзельнік Марцінкевіча, дзякуючы паказанням якога Вінцэнт у 1835 апынуўся ў Мінскім турэмным замку па падазрэнні ў падробцы каралеўскіх пячатак, пісаў: «Якія толькі справы паступілі праз рукі Марцінкевіча ў дваранскі збор, то ў кожнай ёсць падробленыя паперы». Але з’ява гэта была пашыраная. Мае продкі Ярашэвічы змаглі даказаць, што паходзяць з роду Бартноўскіх­Ярашэвічаў, і вывелі свой радавод аж у 1500­-я. І большасць іх доказаў такія ж сумнеўныя, як у Вінцэнта Марцінкевіча.

Спрабуючы знайсці аналагі становішчу, у якім апынулася беларуская шляхта падчас расейскай акупацыі, вымушаная даказваць сваё паходжанне, мы можам прывесці сучасны прыклад. Сёння велізарная колькасць беларусаў у пагоні за нейкімі перавагамі кінулася даказваць сваё «польскае паходжанне» для Карты паляка. Такім самым чынам прыцягваюцца ўсе сямейныя легенды пра тое, што «дзед быў палякам», шукаюцца і знаходзяцца нейкія дакументы. Прычым сама сутнасць словаў «польскае паходжанне» ў часы Расійскай Імперыі значыла зусім не тое, што цяпер. «Паляк» часта азначала каталік, і не больш за тое. Зрэшты, як цяпер, так і ў часы Марцінкевіча многім удалося даказаць тое, чаго ніколі не было.

Даказаў — і меў права

У выніку шасцігадовай перапіскі шляхецтва роду Дуніна-Марцінкевіча было даказана 9 сакавіка 1838. Вінцэнт і яго сваякі атрымалі ўсе правы на выдатнае прозвішча, аўтарства якога або, па меншай меры, прывязка да сябе і сваіх продкаў належала яму.

Варыянт «Марцінкевіч» яшчэ неаднаразова сустракаўся і ў асабістых подпісах, і ў метрыках дзяцей Вінцэнта, і нават у пашпарце, выдадзеным яму ў 1851 для паездкі за мяжу. Падобна, што ўвасабленне ў жыццё новага прозвішча было даволі доўгім, але затое ў нашы часы варыянт Дунін­-Марцінкевіч стаў адзіна магчымым.

Нават калі дапусціць, што недзе існаваў род Дуніна-Марцінкевіча, дык у ніводным з вядомых мне дакументаў гэтае прозвішча не згадваецца датычна продкаў ці самога Вінцэнта Марцінкевіча.

Для чаго ж Марцінкевічу спатрэбіўся «Дунін»? Магчыма, асноўнай прычынай стварэння падвойнага прозвішча было жаданне далучыцца да старажытнага роду. У тыя часы старажытнасць роду не была пустым гукам, што выдатна ілюструе, напрыклад, «Пінская шляхта». Была яна не толькі прадметам адмысловага гонару, але і перавагай, якую часам удавалася канвертаваць, напрыклад, у выгадную жаніцьбу або кар’еру. Гэта было асабліва важна для беднай шляхты, якая не мела іншых капіталаў. Але сапраўдныя прычыны, хутчэй за ўсё, назаўжды застануцца ў сферы здагадак і загадак.

Што мы можам сцвердзіць з вялікай ступенню пераканаўчасці:

1. Род Вінцэнта Марцінкевіча не ўзыходзіць да датчаніна Пятра Дуніна.

2. Ні ў адным з вядомых нам дакументаў да 1832 ніхто з продкаў або сваякоў Вінцэнта і ён сам ні разу не выкарыстоўваў прыдомак Дунін.

3. Радавод Дуніна-Марцінкевіча, пададзены ў Мінскі дваранскі сход, а адтуль у Дэпартамент герольдыі кіраўнічага сената, часткова перапісаны з гербоўніка Нясецкага, часткова выдуманы і пацверджаны падробнымі дакументамі.

4. Вінцэнту ўдалося дакументальна давесці, што ён менавіта Дунін-­Марцінкевіч, атрымаць пастанову Герольдыі менавіта на гэтае прозвішча, і, значыць, ён меў усе правы называцца менавіта так.

І, як паказаў час, магчыма, гэта было адно з яго найбольш удалых сачыненняў.

***

Зміцер Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.