«Адзін неўролаг на 26 тысяч дзяцей». Велічэзная чарга па талон да доктара ў Лідзе ФОТА, ВІДЭА

28.04.2016 / 13:27

У рэдакцыю звярнулася Ірына з Ліды, якая не змагла сёння раніцай запісаць дзіця ў паліклініку. Месца ў велізарнай чарзе некаторыя бацькі займалі з 5-й раніцы.

— Мой муж ехаў на працу і вёз у сад старэйшага. Я збіралася ісці запісвацца да неўролага з малодшым дзіцем. І ён мяне папярэдзіў: не варта нават спрабаваць, вельмі вялікая чарга. У інтэрнэце я ўбачыла відэа, знятае жыхарамі Ліды. Муж маёй сяброўкі а 5-й раніцы займаў месца, каб прабіцца да доктара, — распавяла Ірына.

Загадчык лідскай дзіцячай паліклінікай Сяргей Рак патлумачыў, што чарга ў паліклініку ўтварылася з-за доўгай адсутнасці другога неўролага. Паводле яго слоў, з 2 мая з адпачынку выходзіць асноўны неўролаг, а з 16 мая — прымаць будзе і другі спецыяліст, які нядаўна прайшоў перападрыхтоўку па дзіцячай неўралогіі.

— Асноўнага неўролага ў красавіку мы адпусцілі ў адпачынак, бо летам плануецца шмат прафаглядаў, дзеці рыхтуюцца да паступлення. Нагрузка будзе вялікая. Выхад другога неўролага на працу значна палегчыць працу. Да гэтага быў адзін неўролаг на ўвесь горад і раён — гэта 26 тысяч дзяцей - попыт вялікі.

Па словах загадчыка, на сёння вёўся запіс да спецыялістаў у тым ліку па тэлефоне.

— Было дастаткова месцаў, і усе, хто прыйшоў былі запісаныя да неўролага да 11 раніцы. Прыходзіць да 5-й раніцы і займаць чаргу не было неабходнасці, можна было прыйсці ў любы час, у другі дзень або датэлефанавацца. Але ўсё чамусьці вырашылі прыйсці адначасова.

Сяргей Рак кажа, што ў далейшым такіх чэргаў не будзе. З наступнага тыдня акрамя запісу па тэлефоне (нумар рэгістратуры ёсць на сайце) будзе адкрыты запіс па інтэрнэце.