Залдастанаў па-хамску адказаў Партыі БНФ
04.05.2016 / 09:26
Кіраўнік прапуцінскіх псеўдабайкераў «Начныя ваўкі» Аляксандр Залдастанаў адказаў на заяву беларускай Партыі БНФ, якая просіць Генпракуратуру прызнаць «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй.
«Я не сепаратыст. А сепаратыстамі з'яўляюцца тыя, хто хоча каб [Украіна і Беларусь] не былі з Расіяй. У Беларусі нас ніхто не забароніць, бо нельга па адным правакатару рабіць высновы аб ўсёй краіне, — сказаў у інтэрв'ю Lifenews.ru Залдастанаў. — Людзі нас сустракалі рэальна вельмі цёпла. Я лічу Беларусь дзяржаваўтваральным народам Расіі», — сказаў у сваёй звычайнай блытанай манеры Залдастанаў.
Аляксея Янукевіча, кіраўніка Партыі БНФ, Залдастанаў назваў «кукарэкаючым правакатарам».
«Начныя ваўкі» вылучаюцца радыкальна імперскімі поглядамі. Некаторыя з іх бралі ўдзел у штурмавых групах у часе захопу Крыма і часткі Данбаса.
Падчас візіту ў мемарыяльны комплекс у Хатыні Залдастанаў сказаў, што лічыць Беларусь і Украіну часткамі Расеі. «Беларусь — гэта Расея, Украіна — гэта Расея», — заявіў ён.
У прабегу па Беларусі бралі ўдзел менш за 10 «Начных ваўкоў».
{POLL#506}