Навукоўцы паспрабуюць ажывіць памерлы мозг чалавека

04.05.2016 / 10:49

Біятэхналагічная кампанія ў ЗША атрымала этычны дазвол на эксперымент з 20 пацыентамі, у якіх зафіксавана клінічная смерць з прычыны чэрапна-мазгавой траўмы. Навукоўцы правераць, ці можна вярнуць іх цэнтральную нервовую сістэму да жыцця.

Фота: mehrvarzi.ir

Медыкі будуць выкарыстоўваць камбінацыю метадаў лячэння, якія ўключаюць у сябе ін'екцыі ў мозг ствалавых клетак і кактэйляў з пептыдаў, а таксама розныя метады стымуляцыі нерваў, якія, магчыма, змогуць вярнуць пацыентаў да жыцця.

Удзельнікі эксперыменту (мозг якіх будзе прызнаны мёртвым) будуць падлучаныя да сістэм жыццезабеспячэння на працягу некалькіх месяцаў. Іх цэнтральная нервовая сістэма будзе пастаянна сканіравацца з мэтай пошуку прыкмет рэгенерацыі — асабліва ў верхняй частцы спіннога мозгу, якая кантралюе незалежнае дыханне і сэрцабіцце.

Навукоўцы мяркуюць, што ствалавыя клеткі мозгу могуць быць у стане «сцерці гісторыю» і пачаць жыццё зноў, грунтуючыся на інфармацыі тканак вакол іх. Падобныя працэсы ўжо адбываюцца ў нашым свеце: напрыклад, саламандры могуць так адрошчваць згубленыя канцавіны.

Генеральны дырэктар кампаніі Bioquark лічыць, што ў іх ёсць рэальныя шанцы на станоўчы эфект лячэння: «Мы спадзяёмся ўбачыць вынікі на працягу першых двух-трох месяцаў».

Медыкі ўжо атрымалі дазвол на правядзенне эксперыменту ад адпаведных камісій у ЗША і Індыі — у адной з бальніц гэтай краіны і будзе праходзіць спроба ажыўлення мёртвага мозгу.