Каля амбасады ЗША ў Мінску прайшоў пікет у падтрымку правоў гомасэксуалаў
18.05.2016 / 08:52
17 мая адзначаўся Міжнародны дзень барацьбы супраць гамафобіі і трансфобіі. У гэты дзень група грамадскіх актывістаў правялі ў цэнтры Мінска грамадскую інфармацыйную акцыю.
Спачатку яны сабраліся каля станцыі метро «Няміга», дзе распаўсюджвалі ўлёткі, у якіх распавядаецца аб парушэннях правоў гомасэксуалаў, аб забароне дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі.
У 13 гадзін актывісты сабраліся каля амбасады ЗША і правялі пікет салідарнасці з грамадзянамі гэтай краіны па пытанні легалізацыі аднаполых шлюбаў.
Пікет, які доўжыўся паўгадзіны, прыцягнуў пільную ўвагу прадстаўнікоў сілавых структур і людзей у цывільным, якія старанна фіксавалі падзею на відэакамеры. Аднак, як паведамілі назіральнікі, удзельнікаў акцыі пры гэтым не затрымлівалі і яны спакойна разыйшліся.