Мінчук на ўласным падворку трымаў пару ваўкоў

18.05.2016 / 10:42

На адным з прыватных падворкаў у Сухараве ў Фрунзенскім раёне была выяўленая пара ваўкоў.

Як расказала карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні і ўтрыманні жылога фонду КУП «Жыллёвая камунальная гаспадарка №1 Фрунзенскага раёна г. Мінска» Валянціна Баркоўская, аб незвычайных насельніках прыватнага сектара стала вядома пасля таго, як жыхарка адной з найбліжэйшых новабудоўляў у сакавіку гэтага года паскардзілася на тое, што на тэрыторыі сядзібы пастаянна знаходзяцца дзікія жывёлы.

Да разгляду гэтай сітуацыі падключыліся органы ўнутраных спраў, раённая адміністрацыя, Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, КУП ЖКГ, ЖЭУ, ГП «Фаўна горада» і іншыя службы. Спатрэбілася нямала часу, каб высветліць, хто жыве ў домаўладанні і ці законна гэты чалавек утрымлівае жывёл.

Як растлумачылі ў КУП «ЖКГ № 1 Фрунзенскага раёна», са слоў гаспадара жывёл стала вядома, што пару ваўкоў ён набыў у адным з заезджых шапіто. Самца мужчына зарэгістраваў у Мінпрыроды, ваўчыца ж была «нелегалам». Абедзве жывёліны ўтрымліваліся ў вальеры на падворку. У тым жа двары пражывалі коні, куры, парсюк і пяцёра сабак.

Высветлілася, што ў прыватным сектары браты нашы меншыя жылі незаконна, а ўмовы іх пражывання былі ацэненыя спецыялістамі нездавальняючымі. У выніку ў раённай адміністрацыі прынялі рашэнне аб канфіскацыі жывёл. Да таго моманту, як за імі прыехалі спецыялісты, двух коней, ваўка, дзіка і курэй гаспадар вывез з горада і схаваў. А вось пяцёра сабак і ваўчыца засталіся ў Мінску. Іх у пачатку траўня і адправілі на прадпрыемства «Фаўна горада».

На прадпрыемстве пацвердзілі, што ваўчыца, якая, як паведаміў гаспадар, цяжарная, жыла ў асобным вальеры на «Фаўне» з 5 па 17 траўня — каранцінны перыяд — і ніякіх хвароб ў яе за гэты час не выявілася. Дзікая жывёла нікога да сябе не падпускала, таму праверыць факт цяжарнасці не было магчыма. Сёння ваўчыцу перадалі ў Мінскі заапарк. Адну з пяці канфіскаваных сабак- - лайку, — як стала вядома, адшуквала сапраўдная гаспадыня, якая ўжо забрала яе дадому. Астатнія пакуль застаюцца ў вальерах «Фаўны горада».

Па словах намесніка дырэктара КУП «ЖКГ № 1 Фрунзенскага раёна», цяпер домаўладанне ўзята пад кантроль, яго штодня правяраюць, таму вывезеныя гаспадаром жывёлы туды наўрад ці вернуцца.