Пад Навагрудкам пенсіянерка падпаліла дом суседкі, якая не хацела аддаваць пазыку
18.05.2016 / 10:55
У Навагрудскім раёне 72-гадовая пенсіянерка адправілася да 65-гадовай аднавяскоўкі патрабаваць вяртання даўгоў. Увайшоўшы ў незамкнёны дом, гаспадыні не выявіла. Палічыўшы, што даўжніца заўважыла яе з акна і, не жадаючы разлічвацца, збегла, пенсіянерка вырашыла адпомсціць. Падпаліла бытавое смецце і адзенне гаспадыні. Пасля гэтага выйшла з дому, схавалася недалёка ад яго ў высокай траве, назірала, як полымя ахоплівае будынак. Дом цалкам не згарэў толькі дзякуючы другой суседцы, якая заўважыла клубы дыму і выклікала пажарных. Змагары з агнём прыбылі аператыўна, ліквідавалі пажар, але жыллё ўнутры паспела выгарэць добра-такі.
Вызначыўшы сумесна з экспертамі прычыну пажару, следчыя распачалі ў дачыненні да падпальшчыцы крымінальную справу па факце замаху на наўмыснае знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам. Памер нанесенай шкоды вызначаецца.
Аналагічнае злачынства здзейснена ў Іўеўскім раёне. Там у здзяйсненні падпалу нежылога вясковага дома падазраюцца два браты, 1975 і 1988 гадоў нараджэння, адзін з якіх мае крымінальнае мінулае. Падпалены імі будынак згарэў практычна цалкам.