У сасновым бары, недалёка ад вадаёма: як будуюць новую прэзідэнцкую бальніцу ў Ждановічах ФОТЫ
20.05.2016 / 11:47
Указ аб будаўніцтве спецбальніцы для чыноўнікаў у пасёлку Ждановічы пад Мінскам прэзідэнт падпісаў яшчэ ў 2014 годзе. Нагадаем, у комплекс будынкаў Клінічнага медыцынскага цэнтра пераедуць аддзяленні з цэнтра сталіцы — чатыры корпусы Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (у народзе — лечкамісіі), якія цяпер размяшчаюцца на вуліцах Энгельса і Чырвонаармейскай. Пасля пераезду бальніцы ў Ждановічы будынкі ў цэнтры пяройдуць гораду.
Участак, дзе ідзе будаўніцтва, выдзелены чырвоным квадратам
Паглядзець план у поўным памеры можна ТУТ.
Мяркуючы па дакументах, у новым медцэнтры плануецца стварыць тыя ж аддзяленні, што і ў лечкамісіі, і абсталяваць яго найноўшым абсталяваннем, як лячэбным, так і дыягнастычным. Будзе ў новым медцэнтры і цэлы VIP-блок з асобнымі ўваходамі, ліфтам. Да яго прыкладаецца свая кухня, сталовая, пакоі адпачынку, пакоі для аховы і медперсаналу. Арыенціровачны кошт аб'екта, паводле дакументаў, — каля 100 мільёнаў еўра.
Фота: Вадзім Заміроўскі
Будуюць аб'ект у даволі маляўнічым месцы — проста ў сасновым бары, недалёка ад прэзідэнцкай рэзідэнцыі «Дразды». Да берага канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ад будынка літаральна некалькі хвілін хады.
Цяпер на будаўнічай пляцоўцы больш за дзясятак будаўнічых будак, актыўна вядуцца работы. Тэрыторыя агароджаная плотам, за які нікога не пускаюць.
Паводле пашпарта, здаць аб'ект павінны да 31 снежня 2017 года.
— Вядома, дабудуем да 17-га, — коратка адказвае адзін з будаўнікоў, якія працуюць на пляцоўцы.
— Ды ладнаа, дзе вы чулі, каб у нас у тэрмін будавалі? — смяецца іншы.
— Гэта ж прэзідэнцкі аб'ект! Не будзем паспяваць, дык прыедуць і растлумачаць, як паспець!