Намеснікам кіраўніка Следчага камітэта стаў пракурор Гомельшчыны
21.05.2016 / 08:26
Намеснікам кіраўніка Следчага камітэта Беларусі стаў пракурор Гомельскай вобласці Сяргей Аземша.
Сяргей Аземша. Фота «Гомельскай правды».
Аляксандр Лукашэнка падпісаў такі ўказ 19 мая, ён апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пракурорам Гомельскай вобласці Аземша рабіў ад лютага 2012. У 2015 яму быў прысвоены класны чын дзяржаўнага радніка юстыцыі 3 класа. З прызначэннем у Следчы камітэт яму прысвоена званне генерал-маёра.
Да Гомеля Аземша займаў пасаду начальніка аддзела па наглядзе над выкананнем заканадаўства па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры. Пачынаў ён сваю работу з Гомеля ў 1995 годзе.
Бацька Сяргея Аземшы Якуб Аземша ўзначальваў аддзел юстыцыі Гомельскага аблвыканкама ад 1977 да 1997 гадоў.
Старшынёй Следчага камітэта працуе Іван Наскевіч, які да таго быў пракурорам Брэсцкай вобласці.