Касмічны Ярыла — у Мінску з'явілася вялікае графіці паганскага бога ў сучаснай апрацоўцы ФОТА 

22.05.2016 / 20:04

Сёння ў Мінску з'явілася яшчэ адно этнічнае графіці. На вуліцы Рабкораўская, 13 іспанскі мастак Deih намаляваў паганскага бога Ярылу такім, якім ён яго бачыць. 

Мурал быў намаляваны ў межах фестывалю Urban Myths, дзякуючы якому летась на мінскай шматпавярхоўцы з'явілася графіці дзяўчыны ў вышыванцы. Ажыццявіць сёлетні мурал атрымалася пры падтрымцы кампаніі Targetprocess.

Іспанскі мастак спрабаваў перадаць сувязь бога з сонцам, кветкамі, урадлівасцю і вясной. Для таго каб уявіць, а пасля намаляваць вобраз Ярылы, Deih шмат часу вывучаў паганства. Гэта можна пабачыць у некаторых дэталях графіці.

Міфічны знак, якім абазначалі Ярылу.

Для таго каб намаляваць сімвалы, мастак звяртаўся да слоўнікаў, якія перакладалі іх значэнне.

Nebbia - імя дачкі мастака, а ў перакладзе з іспанскага - імглістасць.

Праект Urban Myths існуе за ахвяраванні ахвотных пабачыць прыгожыя графіці ў Беларусі. Кожны год з'яўляецца ўсё больш графіці, а іх маляванне каштуе вялікіх грошай. Даведацца, як падтрымаць праект, можна напісаўшы на мэйл signal.streetart@gmail.com.

Мікіта Недаверкаў, фота аўтара