У Брэсцкай вобласці ўшанавалі ўгодкі пераможнай бітвы паўстанцаў Каліноўскага супраць расійскіх акупантаў

Актывісты з Баранавічаў, Брэста, Кобрына сабраліся ў Мілавідах каля помніка ў гонар найбуйнейшай бітвы паўстання 1863 года.

23.05.2016 / 10:03

Прысутныя ўсклалі кветкі ды запалілі знічкі каля капліцы ды валуноў з шыльдамі ў гонар удзельнікаў паўстання 1863 года. Актывісты прыбраліся каля гэтых помнікаў, а таксама каля крыжа-помніка загінулым расійскім жаўнерам, які стаіць праз дарогу ад каплічкі ў гонар паўстанцаў.

Каля помніку ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі, што прыцягнула ўвагу праязджаючых аўто, кіроўцы некаторых з якіх спыняліся і распытваліся, што за свята адбываецца.

Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў у Мілавідах не прысутнічалі.

Пасьля прыбіраньня і прамоваў каля помніка паўстанцам актывісты зладзілі круглы стол на сядзібе ТБМ у Русіне.

Крыж у памяць пра палеглых расійскіх жаўнераў праз дарогу ад капліцы

Бітва пад Мілавідамі адбылася 22 мая 1863 года. Паўстанцы разбілі рэгулярнае расійскае войска, якое мусіла адступіць з поля бою.

Штогод 22 мая актывісты з Баранавічаў, іншых мясцінаў прыбіраюць каля помнікаў у Мілавідах. У 2013 годзе, на 150-я угодкі бітвы там зладзілі нават «Мілавідскі фэст», які быў разагнаны міліцыяй.