Іракская армія абвясціла пра пачатак штурму Фалуджы

23.05.2016 / 10:42

Прэм'ер-міністр Ірака Хайдэр Абадзі абвясціў пра пачатак ваеннай аперацыі па вызваленні горада Фалуджа ад баевікоў экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

«Надышоў час вызваліць Фалуджу. Час вялікай перамогі блізкі,» — сказаў Абадзі, дадаўшы, што экстрэмістам «застаецца толькі бегчы».

Горад фактычна акружаны вайскоўцамі, паліцыяй і ўзброенымі апалчэнцамі. Курдскі партал навінаў Shafaq паведаміў у нядзелю, што ў наваколлі Фалуджы сцягнута да 20 тыс. іракскіх вайскоўцаў.

Фалуджа была першым горадам, які ў 2014 годзе ўзялі пад свой кантроль баевікі ІД, і да гэтага часу застаецца адным з двух апірышчаў групоўкі ў Іраку.

Напярэдадні іракская армія заклікала жыхароў горада пакінуць свае дамы, бо ў бліжэйшы час узброеныя сілы маюць намер пачаць наступ на горад. Тым, хто не можа бегчы з горада, рэкамендуецца ўзняць над сваім домам белы сцяг.