Нямецкі Bayer прапанаваў $62 млрд за ГМА-гіганта Monsanto

23.05.2016 / 10:59

Нямецкі хіміка-фармацэўтычны кангламерат Bayer мае намер набыць амерыканскага вытворцу ГМА-прадуктаў Monsanto за 62 млрд даляраў. Аб гэтым паведамляецца ў прэс-рэлізе нямецкай кампаніі.

Bayer прапанавала па 122 даляры за акцыю Monsanto, што складае прэмію памерам 37% у параўнанні з коштам папер да таго, як інфармацыя аб зліцці з'явілася ў СМІ.

Monsanto вядомая ў першую чаргу вытворчасцю прадуктаў, якія змяшчаюць ГМА, за што часта падвяргаецца крытыцы з боку актывістаў.

Рынкавы кошт Bayer на дадзены момант складае каля 90 млрд даляраў. Гэта другі найбуйнейшы вытворца хімічных угнаенняў і сродкаў для барацьбы са шкоднікамі.

Лідар у гэтай індустрыі — швейцарская кампанія Syngenta. У мінулым годзе Monsanto спрабавала купіць Syngenta за 42 млрд даляраў.

Аднак швейцарская кампанія прыняла прапанову ChemChina, якая гатовая заплаціць 43 млрд долараў. Угода чакае ўхвалення рэгулятараў.