Хлопчык-беларус дорыць кветкі рускай дзяўчынцы: у Мінску пачалі маляваць гіганцкае графіці ФОТАФАКТ
03.06.2016 / 11:06
На адной са сцен жылых дамоў па вуліцы Магілёўскай Мінгарвыканкам вырашыў адлюстраваць «хлопчыка беларуса і дзяўчынку рускую». Велічынёй у 12 паверхаў.
Прымеркавана адраджэнне манументальнай прапаганды да «Дня Расіі», - такое паведамленне з'явілася сёння на старонцы супольнасці Signal.
Рабіць графіці пачалі з выявы беларускага хлопчыка, з букетам палявых кветак і гербам Мінска на вышыванцы. Варта дадаць, што вопратка хлопчыка нагадвае абрысы так званай «рускай рубахі».
Яраслаўскі мастак Артур Кашак вядомы ў Расіі сваімі графіці ў жанры фотарэалізму. Сёння ён ужо прыступіў да каляровай афарбоўкі.
Фота Signal.
Куратар найбольш значных для Мінска стрыт-арт акцый Алег Ларычаў так пракаментаваў з'яўленне такога твора: «Дадзены праект не мае дачынення ні да стрыт-арту, ні да графіці-культуры. Заказны манументальны роспіс у найгоршых савецкіх традыцыях».
«На эскізе хлопчык-беларус у чырвона-зяленым капелюшы дорыць кветкі рускай дзяўчынцы. Эскіз распрацоўваўся аддзелам ідэалогіі Мінгарвыканкама. Замоўленыя расійскія маляры, бо «беларусы не маюць такога досведу і ўменняў, паводле чыноўнікаў Мінгарвыканкама», — паведамляе Signal.