Новы фільм ARD: утойваць допінг-пробы дапамагаў міністр спорту Расіі
08.06.2016 / 11:15
У расійскім міністэрстве спорту абвінавачванні на адрас свайго кіраўніка каментаваць не сталі
RIA Novosti
Нямецкі тэлеканал ARD анансаваў фільм, дзе, у прыватнасці, сцвярджаецца, што міністр спорту Расіі Віталь Мутко асабіста датычны да ўтойвання інфармацыі аб ужыванні допінгу адным з футбалістаў расійскай прэм'ер-лігі.
Акрамя таго, у фільме, які выйдзе ў эфір вечарам 8 чэрвеня, абяцаюць паказаць доказы таго, што расійскія трэнеры, якіх адхілілі з-за допінгавых скандалаў, працягваюць працаваць са спартоўцамі.
У адказ на гэта расійскае міністэрства спорту выпусціла заяву, у якой сцвярджаецца, што ў апошні час быў «распачаты цэлы шэраг крокаў з тым, каб цалкам перабудаваць расійскую антыдопінгавую сістэму». У прыватнасці, тэставаннем расійскіх спартсменаў на допінг зараз практычна цалкам займаюцца замежныя спецыялісты.
Каментаваць абвінавачванні на адрас Мутко ў міністэрстве не сталі.
З фільма тэлеканала ARD ў снежні 2014 года пачаўся адзін з найбуйнейшых допінгавых скандалаў у сусветным спорце. Пасля выхаду фільма камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва правяла ўласнае расследаванне і выявіла сістэматычныя парушэнні, звязаныя з ужываннем забароненых прэпаратаў расійскімі спартсменамі пры актыўнай падтрымцы трэнераў і чыноўнікаў.
У выніку Расея была адхіленая ад спаборніцтваў пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый.
Чарговы віток расійскага допінгавага скандалу рушыў услед ў траўні. Былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгор Родчанкаў заявіў, што падчас Алімпіяды ў Сочы дзясяткі расійскіх спартсменаў, у тым ліку залатыя медалісты, ужывалі допінг.
У сярэдзіне траўня прэзідэнт МАК Томас Бах дапусціў магчымасць адхілення ўсёй расійскай зборнай ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра з-за допінгавага скандалу.
У інтэрв'ю радыёстанцыі BBC Radio 4 выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Расійскага антыдопінгавага агенцтва РУСАДА Ганна Анцэліёвіч заявіла аб тым, што падобнае рашэнне было б несумленным у адносінах да тых спартсменаў, якія не ўжывалі допінг.
Яна таксама сказала, што не ведае нічога пра тое, што махлярства з допінг-пробамі было арганізавана пры падтрымцы прадстаўнікоў расійскіх ведамстваў і спецслужбаў, і дадала, што Родчанкаў не мае дачынення да дзейнасці РУСАДА.
У сваю чаргу дарадца міністра спорту Расіі па пытаннях антыдопінгу Наталля Жаланава на пытанне журналістаў аб дачыненні да допінг-скандалу спецслужбаў адказваць не стала.