РПЦ адмовілася ад удзелу ва Усеправаслаўным саборы

Руская праваслаўная царква не будзе ўдзельнічаць ва Усеправаслаўным саборы, які планавалася правесці ў другой палове чэрвеня на Крыце.

13.06.2016 / 21:28

Мітрапаліт Іларыён на брыфінгу наконт удзелу РПЦ ва Усеправаслаўным саборы, фота Tass.

Прычынай гэтага, як вынікае з паведамлення «Інтэрфакса», стала адмова шэрагу іншых цэркваў ад удзелу ў саборы.

«Ва Усеправаслаўным саборы павінны ўдзельнічаць усе Цэрквы, і толькі ў гэтым выпадку рашэнні Сабора будуць легітымнымі», - заявіў кіраўнік аддзела замежных царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Іларыён.

«Як некаторыя зараз кажуць: ну, адмовіліся — гэта іх праблемы, хай не ўдзельнічаюць, а мы ўсё роўна збярэмся тым складам, які там будзе, прымем рашэнні, і яны стануць для ўсіх абавязковымі. Так не бывае», — цытуе мітрапаліта «Інтэрфакс».

Ён нагадаў, што ў апошнія дні адразу некалькі памесных Праваслаўных цэркваў — Балгарская, Антыяхійская і Грузінская — адмовіліся ад удзелу ў Саборы, а Сербская царква выступіла за яго перанос.

***

Падрыхтоўка да Усеправаслаўнага сабора, у якім павінны ўзяць удзел 15 праваслаўных цэркваў, ішла з 1960-х гадоў. У пачатку чэрвеня стала вядома, што РПЦ можа адмовіцца ад удзелу ў саборы з-за рознагалоссяў з іншымі цэрквамі. У далейшым ад удзелу адмовіліся Балгарская, Антыяхійская і Грузінская цэрквы.