Бельгійцы зноў расчаравалі. Бельгія – Італія – 0:2

14.06.2016 / 00:07

Нацыянальная зборная Бельгія ўжо не першы год лічыцца адным з фаварытаў топ-турніра, аднак каманда расчароўвае.

Гол Эмануэле Джакерыні. Фота La Repubblica.

Перад гульнёй з Італіяй хлопцаў Марка Вільматса лічылі фаварытаў. Яшчэ раз па складах. Бельгійцы! Фаварытамі!! Супраць!!! Італіі!!!! Вось як высока стаў цаніцца футбол у гэтай краіне Бенілюкса.

Сапраўды, па імёнах бельгійцы вельмі ўражваюць. Услухайцеся толькі: Куртуа, Алдэрвейрэлд, Вермален, Наінгалан, Вітцэль, дэ Бройнэ, Фелайні, Азар, Караска, Лукаку. Нават у італьянцаў склад менш уражвае.

Аднак няўнасць такога сузор’я вялікіх гульцоў не робіць зборную аўтаматам магутным калектывам. Італьянцы прадэманстравалі бельгійцам, як трэба выкарыстоўваць свае шанцы.

Спачатку ў першым тайме 31-гадовы Эмануэле Джакерыні з шараговай «Балоньі» скарыстаў выдатны пас Леанарда Банучы – 1:0.

Бельгія няспынна атакавала ўсю другую палову гульні. Аднак усё яшчэ малады Буфон адводзіў пагрозы ад сваёй брамы. Ужо ў самай канцоўцы гульні «макароннікі» злавілі бельгійцаў на ўзорнай контратацы. Кропку ў якой паставіў яшчэ адзін зусім не юнак, 30-гадовы Грацыяна Пеле – 2:0.

Сітуацыя ў групе Е: Італія – 3 пункты, Швецыя, Ірландыя – па 1, Бельгія – 0.

Заўтра сустракаюцца: Аўстрыя – Венгрыя (19:00), Партугалія – Ісландыя (22:00).

Зміцер Панкавец