Амар Мацін бываў у гей-клубе, у якім зладзіў бойню
Амерыканец афганскага паходжання Амар Мацін, які застрэліў 49 чалавек у гей-клубе Pulse ў горадзе Арланда (Фларыда), быў пастаянным наведнікам гэтай установы.
14.06.2016 / 09:44
Па словах як мінімум чатырох сведак, яны неаднаразова бачылі Маціна, які напіваўся ў клубе. Па іх словах, часам ён перабіраў з алкаголем настолькі, што пачынаў буяніць.
Яшчэ адзін сведка заявіў, што Мацін каля года таму прапаноўваў яму сустрэцца праз мабільную праграму для гей-знаёмстваў, але сустрэча ў выніку не адбылася.
Да гэтага ў прэсе была папулярная версія, згодна з якой Мацін напаў на наведнікаў гей-клуба з-за іх сэксуальнай арыентацыі.
Паліцыя таксама ўдакладніла змест заявы, зробленай Мацінам дыспетчару службы выратавання 911 ужо пасля пачатку стральбы.
Раней паведамлялася, што ён заявіў, што дзейнічае ад імя экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Аднак, па апошніх дадзеных, ён выказаў падтрымку таксама братам Джахару і Тамерлану Царнаевым, якія зладзілі выбухі ў Бостане ў 2013 годзе, і аднаму з амерыканскіх смяротнікаў, якія працавалі на «Аль-Каіду».